3 лістапада, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Фарміраванне участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Беларусі завяршаецца сёння, 3 лістапада, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Па ўсёй Беларусі будуць сфарміраваны 6 346 участковых выбарчых камісій. У кожную з іх могуць уваходзіць ад 5 да 19 чалавек. На месцы ў гэтых камісіях прэтэндуюць больш за 84 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 34,8 тыс. грамадзян, якія вылучылі свае кандыдатуры шляхам падачы заяў, больш за 16,3 тыс. прадстаўнікоў працоўных калектываў і амаль 33 тыс. прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Згодна з патрабаваннямі Выбарчага кодэкса, не менш за адну траціну месцаў ва ўчастковых камісіях павінны заняць прадстаўнікі партый і грамадскіх аб'яднанняў, не больш за адну траціну - дзяржслужачыя. Што тычыцца кандыдатаў, з якіх грамадзянам Беларусі 19 снежня трэба будзе выбраць кіраўніка дзяржавы, то яны будуць вызначаны да 23 лістапада. Пакуль тэрытарыяльныя камісіі працягваюць правяраць дакладнасць подпісаў, якія прадставілі 11 патэнцыйных кандыдатаў. На гэта ў іх ёсць час да 8 лістапада, пасля чаго пратаколы з данымі аб колькасці подпісаў у падтрымку кандыдатаў будуць перададзены ў абласныя і Мінскую гарадскую камісію, а затым у ЦВК.-0-

БЕЛТА