31 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Завяршыць падрыхтоўчы этап да будаўніцтва Віцебскай ГЭС плануецца ў I квартале 2013 года, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення будаўніцтвам Віцебскай ГЭС філіяла Віцебскія электрычныя сеткі РУП "Віцебскэнерга" Іван Пугачоў. Паводле яго слоў, у узвядзенні ГЭС будуць задзейнічаны каля 800 будаўнікоў, таму зараз на правым беразе Заходняй Дзвіны недалёка ад вёскі Букаціна вядуцца работы па абсталяванні для іх часовай базы. У прыватнасці, з блочных модуляў будуюцца інтэрнаты, офісы, сталовая. Паралельна высякаюцца дрэвы на пляцоўцы асноўнага будаўніцтва. У бліжэйшы час будзе гатовы праект на будаўніцтва пад'язных дарог, што дасць магчымасць будаўнікам прыступіць да іх узвядзення. Асноўная асфальтаваная дарога пройдзе на правым беразе Заходняй Дзвіны з боку Рубы праз Букаціна і пасля завяршэння будаўніцтва ГЭС застанецца. Другая, часовая, пройдзе да пляцоўкі асноўнага будаўніцтва на левым беразе ракі міма вёскі Падбярэззе. Цалкам завяршыць падрыхтоўчы этап да будаўніцтва Віцебскай ГЭС плануецца ў I квартале 2013 года з тым, каб вясной прыступіць непасрэдна да ўзвядзення гідравузла, адзначыў суразмоўца. Іван Пугачоў нагадаў, што кантракт на будаўніцтва Віцебскай ГЭС "пад ключ" заключаны з Кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па электраабсталяванні CNEEC. Яго кошт складае звыш $100 млн. Пры гэтым, згодна з дакументам, на 30% кошту кантракта да будаўніцтва павінны быць прыцягнуты беларускія прадпрыемствы і выкарыстоўвацца беларускія будматэрыялы. Кантроль за гэтым ажыццяўляе заказчык - РУП "Віцебскэнерга". Пачатак асноўнага этапу будаўніцтва запланаваны на сакавік-красавік 2013 года, калі чакаецца гатоўнасць архітэктурнага праекта на будаўніцтва гідравузла. У цэлым ён будзе падобны на Полацкую ГЭС: таксама будзе пабудаваны абыходны канал з двума перамычкамі, пасля чаго ўзведзена сама гідраэлектрастанцыя. Адрозненне - у большай магутнасці, выдача якой у Віцебскай ГЭС складзе 40 МВт. Гэта дазволіць забяспечыць электраэнергіяй трэцюю частку Віцебскага раёна, падкрэсліў спецыяліст, дадаўшы, што першую электраэнергію Віцебская ГЭС павінна выдаць у студзені 2017 года. Пасля гэтага праз 12 месяцаў на левым беразе ракі будзе пабудаваны шлюз для праходжання водных суднаў.