13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інвестыцыйны праект па будаўніцтве ў Беларусі сумесна з кітайскай карпарацыяй Geely завода па выпуску легкавых аўтамабіляў плануецца рэалізаваць да 2015 года. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Падчас рабочай паездкі па Мінскай вобласці 12 красавіка вытворчую пляцоўку ААТ "Барысаўскі завод "Аўтагідраўзмацняльнік", дзе плануецца збіраць легкавыя аўтамабілі, наведаў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.
"Сумесна з кітайскай карпарацыяй Geely плануецца рэалізаваць інвестыцыйны праект па зборцы 10 тыс. аўтамабіляў з CKD камплектаў, - адзначылі ў прэс-службе. - З 2012 па 2015 год плануецца пабудаваць новы завод вытворчай магутнасцю да 60 тыс. легкавых аўтамабіляў, а ў 2015-2016 гадах давесці магутнасць завода да 120 тыс. аўто".
Прэм'ер-міністр разгледзеў пытанні дагаворных адносін, пастаўкі абсталявання, сертыфікацыі аўтамабіляў.
Кіраўнік урада таксама наведаў ААТ "Барысаўдрэў". "Тут рабочыя выказалі незадаволенасць нізкай зарплатай, але ў большай ступені калектыў занепакоены перспектывай прадпрыемства, якое знаходзіцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі", - распавялі ў прэс-службе. Міхаіл Мясніковіч сумесна са старшынёй Мінскага аблвыканкама Барысам Батурай, кіраўнікамі канцэрна "Беллесбумпрам", камерцыйных банкаў і іншымі зацікаўленымі разгледзелі асноўныя пытанні, якія тычацца развіцця прадпрыемства. "Новая вытворчасць драўняна-валакністых пліт МДФ прадукцыйнасцю 60 тыс. куб.м у год павінна быць уведзена, - дадалі ў прэс-службе. - У тым ліку будзе прафінансавана перааснашчэнне фанернай вытворчасці, будаўніцтва кацельні". Кіраўніку канцэрна "Беллесбумпрам" Уладзіміру Шульзе давялося выслухаць шмат крытыкі. Прэм'ер-міністру на працягу тыдня будзе прадстаўлены на зацвярджэнне пакрокавы графік завяршэння ўсіх работ і ўдакладнены бізнес-планы.-0-
БЕЛТА
Завод па вытворчасці легкавых аўтамабіляў сумесна з кітайскай Geely пабудуюць у Беларусі да 2015 года
13.4.20120 праглядаў