20 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Агульная сума даходаў бюджэту Віцебскай вобласці (без уліку бязвыплатных паступленняў) на 2012 год прагназуецца ў аб'ёме Br4,9 трлн. з ростам да чаканай ацэнкі даходаў бягучага года на 70%. Пра гэта паведаміў сёння дэпутатам Віцебскага аблсавета, прадстаўляючы праект бюджэту рэгіёна на будучы год, начальнік упраўлення фінансаў Віцебскага аблвыканкама Барыс Кічаноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўнымі крыніцамі даходаў будуць падатак на дададзеную вартасць (на яго долю прыпадае 36% агульнай сумы даходаў), падаходны падатак (31%), падатак на прыбытак (10%), падаткі на зямлю і нерухомасць, плацяжы з выручкі па асаблівых рэжымах падаткаабкладання. У вобласці захаваюцца мясцовыя падаткі: за валоданне сабакамі, курортны збор, збор з нарыхтоўшчыкаў. За кошт мясцовых падаткаў і збораў у 2012 годзе ў бюджэт плануецца прыцягнуць Br5,5 млрд., што ў 1,6 раза больш, чым чаканыя паступленні 2011 года.
Пры фарміраванні бюджэту ўлічаны змены ў заканадаўстве, якія замацоўваюць зніжэнне падатковай нагрузкі, напрыклад зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак з 24% да 18%.
Для збалансаванасці мясцовых бюджэтаў і ажыццяўлення мэтавых выдаткаў з рэспубліканскага бюджэту ў 2012 годзе прадугледжваюцца бязвыплатныя паступленні для перадачы ў бюджэт вобласці ў памеры амаль Br4,6 трлн.
Як адзначыў Барыс Кічаноўскі, бюджэт захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць. Выдаткі бюджэту вобласці з улікам бязвыплатных паступленняў складуць Вr9 трлн., з якіх 60% будзе накіравана на сацыяльную сферу. Значныя аб'ёмы фінансавання выдзяляюцца адукацыі, ахове здароўя і жыллёва-камунальнай гаспадарцы (26%, 23% і 14% у агульным аб'ёме адпаведна). Працягнецца рэканструкцыя ўстаноў аховы здароўя, будуць будавацца дзве новыя школы, дзіцячыя сады. Сума, якая накіроўваецца на субсідаванне сістэмы ЖКГ, пралічана з улікам 35% пакрыцця насельніцтвам затрат на паслугі ЖКГ. Пры вызначэнні дзяржаўных датацый на транспарт фінансісты зыходзілі з таго, што ўзровень пакрыцця насельніцтвам затрат складзе 85%.
Старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец запатрабаваў рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і прапанаваў дэпутатам на чвэрць скараціць выдаткі бюджэту і акумуляваць гэтыя сродкі ў рэзервовым фондзе.
Дэпутаты Віцебскага аблсавета падтрымалі прапанову і зацвердзілі бюджэт вобласці.-0-
БЕЛТА
Ахова здароўя і адукацыя застаюцца найважнейшымі прыярытэтамі для Віцебскай вобласці ў 2012 годзе
20.12.20110 праглядаў