15 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Зялёныя калідоры" будуць дзейнічаць паміж Беларуссю, Расіяй і Украінай на час "Еўра-2012". Разам з тым украінскія мытнікі не выключаюць, што спрошчаная сістэма перамяшчэння праз межы з Беларуссю і Расіяй пасля "Еўра-2012" можа быць прадоўжана. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі заявіў старшыня Дзяржаўнай мытнай службы Украіны Ігар Калетнік, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Трохбаковы мемарандум аб намерах паміж Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі, Федэральнай мытнай службай Расійскай Федэрацыі і Дзяржаўнай мытнай службай Украіны па пытаннях узаемадзеяння на перыяд правядзення Чэмпіянату Еўропы па футболе 2012 года падпісаны сёння ў Віцебску. Мемарандум прадугледжвае спрашчэнне мытных працэдур пры перамяшчэнні фізічных асоб і тавараў на час правядзення футбольнага чэмпіянату. У прыватнасці, гаворка ідзе аб стварэнні "зялёных калідораў", сінхранізацыі работы пунктаў пропуску. У ходзе сустрэчы таксама абмяркоўвалася, якія дзеянні будуць праводзіць мытныя органы падчас чэмпіянату ў праваахоўнай сферы. "Калі гэты пілотны праект пакажа якасную працу, магчыма, ён будзе прадоўжаны па-за межамі "Еўра-2012", - дадаў Ігар Калетнік. Пералік дзеянняў мытных службаў у мемарандуме дакладна агавораны. Для зручнасці заўзятараў штатная колькасць мытнікаў будзе праводзіцца поўным камплектам. "Для нас гэта яшчэ і трэніроўка для маючага адбыцца чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Аналагічныя пагадненні будуць заключаны напярэдадні яго правядзення з нашымі суседзямі", - сказаў старшыня ДМК Беларусі Аляксандр Шпілеўскі. Пасяджэнне аб'яднанай калегіі мытных службаў дзяржаў - членаў Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана прайшло сёння ў Віцебску. Украіна прыняла ў ім удзел у якасці назіральніка.-0-

БЕЛТА