«Земельная амнистия» продлится до 1 января 2028 года

«Зямельная амністыя» працягнецца да 1 студзеня 2028 года

3.3.20250 праглядаў

Падрабязнасці расказаў начальнік аддзела землеўпарадкавання Лепельскага райвыканкама Віктар Міхно

— На тэрыторыі Лепельскага раёна ў парадку легалізацыі грамадзянам прадастаўлены 51 зямельны ўчастак. Вызвалена ў добраахвотным парадку 148 зямельных участкаў. 71 знаходзяцца на разглядзе (пададзены заявы), — пачаў нашу гутарку з лічбаў Віктар Мікалаевіч. — Нагадаем, што перыяд звароту і ўзаконьвання землекарыстальнікамі самавольна занятых зямельных участкаў прадоўжаны да 1 студзеня 2028 года. Раней крайні тэрмін для гэтага быў да 1 верасня 2025 года.

Трэба ведаць і тое, што «зямельная амністыя» датычыцца толькі фактаў самавольнага заняцця, зафіксаваных да 1 верасня 2022 года. Схітраваць тут не атрымаецца. Аб тым, што самавольная пабудова з'явілася да гэтага перыяду, грамадзянін павінен пацвердзіць дакументальна.

Пасля заканчэння ўказанага тэрміну рашэнні ў дачыненні да самавольнага будаўніцтва будуць прымацца ў адпаведнасці з палажэннямі артыкула 223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якім вызначана, што самавольныя пабудовы на самавольна занятых зямельных участках падлягаюць зносу, зямельныя ўчасткі — прывядзенню ў прыдатны для выкарыстання па мэтавым прызначэнні стан і вяртанню ранейшаму землекарыстальніку.

— Усе парушэнні могуць быць легалізаваны?

— Не ўсе парушэнні могуць быць легалізаваны. Гэту працэдуру не пройдуць зямельныя ўчасткі, дзе істотна парушаюцца горадабудаўнічыя, будаўнічыя, санітарныя, супрацьпажарныя і іншыя нормы, а таксама якія ўяўляюць небяспеку і пагрозу жыццю для людзей. І што не менш важна — калі прысутнічаюць зямельныя спрэчкі з суседзямі, судовыя рашэнні аб падзеле маёмасці і іншыя.

У грамадзян ёсць амаль 3 гады, каб навесці парадак на сваёй зямлі. Гэта магчымасць не апынуцца па-за законам і не стварыць клопатаў нашчадкам. А для тых, хто плануе купляць участак — магчымасць не нажыць праблем ад экс-гаспадароў. Гэта права прывесці ў адпаведнасць усе дакументы без штрафаў, пратаколаў і судовых разглядаў. І кожны парушальнік можа скарыстацца такой магчымасцю, стаўшы сапраўдным гаспадаром сваёй зямлі.

Просім грамадзян не чакаць студзеня 2028 года, а ўжо зараз заняцца ўпарадкаваннем праваўстаноўчых дакументаў.

Усяго, згодна з інвентарызацыяй, на тэрыторыі раёна выяўлена больш за 750 выпадкаў самавольна занятых зямельных участкаў.