5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. "Жаніцьбу Цярэшкі" па традыцыі згуляюць у Лепельскім раёне Віцебскай вобласці напярэдадні Каляд, расказала карэспандэнту БЕЛТА каардынатар рэгіянальнага аддзялення грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Вольга Махоненка.
Аўтэнтычная калядная гульня "Жаніцьба Цярэшкі", якая захавалася да нашых дзён толькі на Лепельшчыне, у 2009 годзе была прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Сутнасць гульні заключаецца ў тым, каб пазнаёміць юнакоў і дзяўчат адзін з адным. Аднак гэта не простае зводніцтва, а цэлы рытуал, прызначаны прадэманстраваць дзявочую прыгажосць і юначую спрытнасць. Гульня ўключае ў сябе абавязковыя народныя танцы, жартаўлівыя песні і прыказкі, а завяршаецца ўсё вясёлым застоллем. Дарэчы, беларуская прыказка "замуж выйсці не напась, абы замужам не прапасць" бярэ свой пачатак якраз з цярэшкіных песень. Пасля "Жаніцьбы Цярэшкі" ў вёсцы наступаў час сапраўдных вяселляў.
Цікавасць да нацыянальнай каляднай гульні заканамерна праяўляюць як айчынныя этнографы, так і замежныя. Галандскія і польскія спецыялісты вывучалі і апісвалі гэту калядную забаву, а нямецкія кінематаграфісты знялі дакументальны фільм.
Як адзначыла Вольга Махоненка, "Жаніцьба Цярэшкі" становіцца паўнавартасным турыстычным прадуктам і спрыяе развіццю турызму ў рэгіёне. "Аднак наша галоўная мэта - захаваць народную традыцыю ў першародным выглядзе", - падкрэсліла яна. Сёлета "жаніць" Цярэшку будуць 6 студзеня ў сялянскай фермерскай гаспадарцы "Люкшына". -0-
БЕЛТА
"Жаніць Цярэшку" будуць у Лепельскім раёне на Каляды
5.1.20130 праглядаў