Ахвотных падарваць беларускую дзяржаву знутры не меншае
Ахвотных падарваць беларускую дзяржаву знутры не меншае. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы з вамі калісьці дамаўляліся, што, увайшоўшы у курс справы, асвоіўшыся, вы даложыце аб сітуацыі і скажаце, што неабходна. Думаю, вы ўжо, аналізуючы вынікі мінулага года, можаце зрабіць адпаведныя высновы і сказаць, што нам яшчэ трэба зрабіць у органах унутраных спраў, каб міліцыя працавала больш эфектыўна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што недахопаў хапае ва ўсіх органах улады, у тым ліку і міліцыі. "Але без міліцыі нікуды, бо ўчастковы з людзьмі, ды і міністр сёння не адарваны ад грамадства. Без міліцыі мы не зможам забяспечыць стабільнасць у нашай дзяржаве", - перакананы Прэзідэнт.
Па яго словах, справа нават не ў нейкіх палітычных кампаніях: у краіне іх праводзілі неаднаразова, таму правядуць спакойна і ў гэты раз. "Нам трэба глядзець далей - каб у нас было стабільнае грамадства. Трэба вуха трымаць востра: ахвотных падарваць нас знутры не меншае. На жаль, большасць з тых, хто выяўляе такія жаданні, гэта так званыя нашы грамадзяне. Іх нават цяжка грамадзянамі назваць. У іх усё дрэнна, ім бы ў чым-небудзь падковырнуць уладу і разабшчыць грамадства, зрабіць горш. Яны выкарыстоўваюць любы момант. Я чытаю іх рознага роду заявы не толькі ў інтэрнэце, але і ў так званых сродках масавай інфармацыі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Таму міліцыі я асабіста адводжу вельмі вялікае месца ў забеспячэнні стабільнасці ў нашым грамадстве".