Год беларускай жанчыны — час, калі асабліва важна гаварыць пра тых, хто ўвасабляе шматграннасць і сілу сучаснасці.
Эмілія Мечаславаўна — ветэран працы з багатым вопытам, якая прысвяціла сваю кар'еру працы з людзьмі. За плячыма ў яе 38 гадоў нястомнай працы. Два дзесяцігоддзі яна правяла ў дзяржпрафліцэі, дзе займала пасады інспектара па кадрах і сакратара. Яе прафесійны шлях таксама ўключаў працу ў райкаме партыі, дзе яна была сакратаром у прыёмнай, загадчыцай агульнага аддзела райвыканкама. Не абышлося і без цікавага досведу на міжгародняй тэлефоннай станцыі, дзе наша суразмоўніца працавала тэлефаністкай.Яе актыўная жыццёвая пазіцыя праявілася яшчэ ў маладосці, ужо тады яна стала маладым гвардзейцам пяцігодкі і была ўдастоена нагруднага знака адрознення, заснаванага ЦК ВЛКСМ. Гэта заахвочванне сімвалізавала прызнанне працы моладзі, якая працавала з энтузіязмам у рамках пяцігадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі СССР.
Эмілія Данілава, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, працягвае актыўна ўдзельнічаць у жыцці грамадства, працуючы сакратаром у раённым савеце ветэранаў і прымаючы ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах. Яе энергія і адданасць справе натхняюць навакольных.
Выгадаваўшы дваіх дзяцей, Эмілія Мечаславаўна ганарыцца сваімі 8 унукамі. Дачка Анастасія выбрала шлях кардыёлага і працуе ў Лепельскай ЦРБ, а сын Віталій, атрымаўшы вышэйшую адукацыю інжынера, знайшоў сябе ў творчай дзейнасці і цяпер жыве ў Мінску.
— Беларускую жанчыну адрознівае мэтанакіраванасць, клапатлівасць, уважлівасць, цярплівасць, шчырасць і вернасць, — кажа Эмілія Мечаславаўна. — Беларускія жанчыны паспяхова сумяшчаюць мноства роляў, укладваючы ў кожную з іх усё сваё цяпло і сэрца. Шчыра жадаю, каб гэты год прынёс нашым жанчынам яшчэ больш натхнення, мудрасці, новых перамог і дасягненняў.