Жылінскія сенакосы з Пастаўскага раёна сталі лепшымі на чэмпіянаце свету па сенакашэнні ў Бебжанскім нацыянальным парку Польшчы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА капітан жылінскай каманды Пётр Караль.

Ён расказаў, што перамогу ў спаборніцтве аспрэчвалі 28 каманд з Бельгіі, Францыі, Польшчы і Беларусі. Нашу краіну прадстаўлялі чатыры дружыны: адна з Віцебскай вобласці і тры з Брэсцкай. Па выніках выступлення ў намінацыі сярод прафесіяналаў-аграрыяў першае месца заваявалі жылінскія сенакосы. Паласу даўжынёй у 60 м і шырынёй у 1,5 м пастаўская каманда ў складзе Іосіфа Галяка і Валерыя Каліцкага адолела за рэкордныя 4 хв. 28,44 с. У намінацыі сярод прадстаўнікоў Нацыянальных паркаў адзначыліся прадстаўнікі Брэсцкай вобласці: золата ўзяла каманда Спораўскага біялагічнага заказніка (4 хв. 28,45 с), бронзу - Беразінскага біясфернага запаведніка (6 хв. 38,99 с). У індывідуальным заліку, да ўдзелу ў якім дапускаецца толькі дзясятак лепшых касароў, Іосіф Галяк заняў пятае месца з вынікам у 3 хв. 23,46 с.

Пётр Караль звярнуў увагу тых, хто думае, што махаць касой - справа нескладаная і асаблівых навыкаў не патрабуе, на асаблівасці сенакашэння. Перш за ўсё неабходна выдатная фізічная падрыхтоўка: сіла, цягавітасць і трэніраванае дыханне. Прафесійныя навыкі па касьбе на розных відах мясцовасці (перадгор'і, лугі, нізінныя балоты) патрабуюць пастаянных трэніровак. У Паставах, напрыклад, юныя сенакосы з 10-12 гадоў праходзяць абкатку і павышаюць сваё майстэрства пад кіраўніцтвам вопытных таварышаў. Своеасаблівы экзамен яны разам з дарослымі калегамі здаюць у чэрвені на мясцовым фестывалі "Жылінскія сенакосы", які ўжо набыў фармат міжнароднага. Пераможцы ў якасці ўзнагароды атрымліваюць права ўдзельнічаць у спаборніцтвах касароў больш высокага ўзроўню. Напрыклад, летась лепшыя жылінскія сенакосы выязджалі на спаборніцтвы ў Славакію, Якуцію, на Урал.