11 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Жыхар Глыбоцкага раёна пад пагрозай смерці прымушаў вярнуцца былую сужыцельку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Пастаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Яўген Сініла. "Блокбастар" у лепшых галівудскіх традыцыях разыграўся днём 10 снежня ў вёсцы Свіраны Пастаўскага раёна. У мясцовую краму, пераадолеўшы няблізкую адлегласць, зусім не за пакупкамі прыехаў 40-гадовы цецельшчык адной са школ Глыбоцкага раёна. Мужчына вырашыў угаварыць былую грамадзянскую жонку, якая з'ехала пасля расстання жыць і працаваць на новае месца, аднавіць адносіны. Аднак яго ўгаворы не знайшлі водгуку ў жаночай душы. Тады мужчына вырашыў дамагчыся жаданага сілай і пачаў пагражаць жорсткай расправай, дэманструючы захопленую з дома паляўнічую стрэльбу. Для большага эфекту ён нават стрэліў з яе па вітрыне. Аргумент аказаўся пераканаўчым. Дама сэрца адразу папрасіла прабачэння за ўсё і прызнала ўсе памылкі, а калі супакоены кавалер з'ехаў, выклікала міліцыю. Мужчына быў затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў на аўтадарозе Полацк - Глыбокае - мяжа Літвы каля вёскі Альховікі па шляху да дома. За пагрозу забойства ў дачыненні да яго ўзбуджана крымінальная справа па арт.186 Крымінальнага кодэкса Беларусі, максімальнае пакаранне па якой прадугледжвае арышт на тэрмін да шасці месяцаў.-0-

БЕЛТА