20 жніўня, Дубровенскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Падзяка жыхароў выратаваных ад агню разанскіх вёсак - вось найвышэйшая ўзнагарода беларускіх пажарных. Такі пункт гледжання выказаў сёння журналістам першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Валянцін Карпіцкі на ўрачыстай сустрэчы ратавальнікаў у Дубровенскім раёне на мяжы з Расійскай Федэрацыяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Валянцін Карпіцкі падкрэсліў, што беларускія пажарныя паказалі сваё майстэрства і прафесіяналізм і паспяхова выканалі пастаўленую перад імі задачу па выратаванні людзей і матэрыяльных каштоўнасцей. Зводны атрад атрымаў падзяку і падарункі ад губернатара Разанскай вобласці, расійскага ўрада, аднак самай галоўнай узнагародай з'яўляецца падзяка выратаваных людзей. "Нашы ратавальнікі працавалі практычна кругласутачна, а адпачынкам для іх было патруляванне 200 км тэрыторыі, на якой яны прадухілілі ўзгаранне 170 ачагоў пажараў", - дадаў першы намеснік міністра.
Словы ўдзячнасці беларускім калегам ад імя расійскіх ратавальнікаў выказаў і суправаджаўшы іх намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па Смаленскай вобласці МНС Расіі Уладзімір Вайтулевіч. Ён распавёў і пра зусім кур'ёзны выпадак, калі жыхары адной з разанскіх вёсак, ахову якой ад агню неслі беларускія пажарныя, не хацелі адпускаць сваіх абаронцаў дадому і прасілі застацца як мага даўжэй.-0-
БЕЛТА
Жыхары разанскай вёскі не хацелі адпускаць беларускіх пажарных дадому
20.8.20100 праглядаў