26 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Жыхары Віцебскай вобласці не могуць атрымаць ад прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання запатрабаваныя на вёсцы паслугі. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння калегіі КДК Віцебскай вобласці, дзе разглядаліся вынікі праверкі эфектыўнасці функцыянавання сістэмы кіравання бытавым абслугоўваннем насельніцтва, а таксама выкарыстання дзяржаўнай падтрымкі развіцця бытавога абслугоўвання ў сельскай мясцовасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Старшыня КДК вобласці Васіль Максімаў адзначыў, што за 2011 год і першы квартал 2012 года на развіццё бытавога абслугоўвання на вёсцы выкарыстана Br3,2 млрд. бюджэтных сродкаў. Аднак праверка пяці раённых камбінатаў у Дубровне, Росанах, Ушачах, Докшыцах і прадпрыемства "Полацкрайбыт" паказала, што нягледзячы на фінансавую падтрымку дзяржавы належнага выніку ад аказанай дапамогі не дасягнута. Не забяспечана належная якасць бытавога абслугоўвання, абсталяванне, атрыманае за кошт бюджэтных сродкаў, выкарыстоўвалася ў многіх выпадках неэфектыўна, а ў асобных - не выкарыстоўвалася зусім. Напрыклад, у Дубровенскім раённым камбінаце бытавога абслугоўвання з 2006 года знаходзілася абсталяванне на агульную суму Br44 млн., якому прымяненне было знойдзена толькі пасля праверкі КДК. У ходзе прамых тэлефонных ліній, якія рэгулярна праводзіць абласны камітэт, часта ўзнікаюць пытанні па атрыманні тых ці іншых бытавых паслуг у сельскай мясцовасці. Так, апошні калектыўны зварот паступіў з Бешанковіцкага раёна, дзе жыхары скардзіліся на немагчымасць атрымаць дапамогу ў скашванні травы. "Насельніцтва не можа атрымаць запатрабаваныя на вёсцы паслугі: сенакашэнне, апрацоўка глебы, нарыхтоўка дроў, прывядзенне ў парадак печаў. У сістэме кіравання вобласці не развіто аказанне высокадаходных відаў паслуг: выраб і ўстаноўка вокнаў, паслугі аўтасэрвісу", - канстатаваў Васіль Максімаў. Як высветлілася пры праверцы, служба побыту не практыкуе дастаўку заказаў на дом, не арганізуе збор заявак шляхам падворнага абыходу. Шмат нараканняў выклікае выязное абслугоўванне, прафесійны ўзровень спецыялістаў. Вынікам такой працы з'яўляецца нізкая заработная плата. Так, ва Ушацкім райкамбінаце бытавога абслугоўвання сярэдняя заработная плата ў 2011 годзе ледзь перавысіла Вr700 тыс.