21 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Жыхары Віцебскай вобласці ўключыліся ў кампанію па ўтылізацыі адпрацаваных батарэек і сабралі 697 кг непрыдатных элементаў сілкавання, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Марыя Аленева.
Сістэма збору адходаў усіх відаў батарэек створана ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады. Спецыялізаваныя кантэйнеры ўстаноўлены на прадпрыемствах, якія рэалізуюць элементы сілкавання насельніцтву. Напрыклад, у Віцебску такія ёмістасці маюцца ў 9 буйных крамах, у Оршы - у 5, у Полацку і Наваполацку адпрацаваныя батарэйкі можна адправіць на ўтылізацыю ў 14 аб'ектах гандлю. У райцэнтрах кантэйнеры, як правіла, стаяць ва ўнівермагах, крамах "Прамтавары", "Культтавары". Усяго па Віцебскай вобласці ўстаноўлена 109 ёмістасцей для збору адпрацаваных элементаў сілкавання.
Пасля таго, як кантэйнеры напаўняюцца, батарэйкі перадаюцца для абясшкоджвання і ўтылізацыі ў "Белрэсурсы". Паводле даных маніторынгу, які завяршыўся 20 сакавіка, у вобласці сабрана для ўтылізацыі 697 кг батарэек, з якіх 298 кг паступілі на захоўванне ў ААТ "Віцебскаблрэсурсы".
Абласны камітэт прыродных рэсурсаў працягвае актыўную асветніцкую кампанію сярод насельніцтва, накіраваную на правільны збор і ўтылізацыю элементаў сілкавання. Як растлумачыла Марыя Аленева, адпрацаваныя батарэйкі з часам ператвараюцца ў таксічныя адходы, бо ўтрымліваюць цяжкія металы: свінец, кадмій, нікель, цынк. Адна пальчыкавая батарэйка пры траплянні ў навакольнае асяроддзе здольна забрудзіць 1 куб.м глебы або 400 л вады.-0-
БЕЛТА
Жыхары Віцебскай вобласці здалі на ўтылізацыю амаль 700 кг адпрацаваных батарэек
21.3.20120 праглядаў