Жыхарам малых гарадоў у Беларусі стане прасцей атрымліваць льготныя крэдыты на рамонт жылля. Гэта прадугледжана ўказам №141, які Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 15 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Указ нацэлены на ўрэгуляванне пытанняў прадастаўлення льготных крэдытаў у выпадках, калі жылое памяшканне (аднакватэрны дом, кватэра) належыць на праве долевай уласнасці некалькім грамадзянам.

У сувязі з гэтым дапаўненні і змены ўносяцца ва ўказ ад 7 лютага 2006 года №75 "Аб прадастаўленні грамадзянам, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, льготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў". Прадугледжваюцца новаўвядзенні, якія раней не былі вызначаны заканадаўствам.

Так, льготны крэдыт на мэты, агавораныя ва ўказе №75, зараз можа быць прадастаўлены не толькі ўласніку жылога памяшкання, але і аднаму з грамадзян - удзельнікаў долевай уласнасці. Пры гэтым неабходна згода ўсіх уласнікаў, у дачыненні да кожнага з іх павінны выконвацца ўмовы прадастаўлення крэдыту.

Да поўнага пагашэння льготнага крэдыту, выкарыстанага на капітальны рамонт, рэканструкцыю, уводзіцца забарона на адчужэнне (продаж, мену, дарунак) не толькі жылога памяшкання, але і яго частак, якія належаць кожнаму з удзельнікаў долевай уласнасці.

У адпаведнасці з унесенымі дапаўненнямі прынцып аднаразовасці выкарыстання льготнага крэдыту прымяняецца як у дачыненні да грамадзян - атрымальнікаў такога крэдыту, так і прымяняльна да жылога памяшкання, на рэканструкцыю (капітальны рамонт) якога ён прадастаўлены.

Акрамя таго, указам удакладняецца, што колькасць насельніцтва ў населеным пункце пры прадастаўленні гэтага віду дзяржаўнай падтрымкі вызначаецца на падставе афіцыйнай статыстычнай справаздачнасці на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў.

Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)