Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Казачэнка – адзіны з мужчын у нашым раёне, які за апошняе дзесяцігоддзе адсвяткаваў свой векавы юбілей.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Казачэнка – адзіны з мужчын у нашым раёне, які за апошняе дзесяцігоддзе адсвяткаваў свой векавы юбілей. Павіншавалі ганаровага імянінніка прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, сацыяльнай службы і прадпрыемства, на якім ён адпрацаваў 26 гадоў, – цяпер гэта ААТ «Лепельаграсэрвіс».
Не толькі падарункі і цёплыя віншаванні прымаў у гэты дзень імяніннік: ён стаў яшчэ і ўладальнікам новага дакумента. Пашпарт стогадовага грамадзяніна Пятру Ільічу уручыў начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Васіль Міснік. Вітальны адрас ад старшыні райвыканкама Барыса Ефрэмава зачытаў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы.
За перададзены вопыт падзякаваў начальнік СТА ААТ «Лепельаграсэрвіс» Валерый Аляксандравіч, які змяніў Пятра Ільіча пасля яго выхаду на пенсію.
Ужо з першага лютага Пётр Ільіч, як стогадовы грамадзянін, будзе атрымліваць штомесячную надбавку да пенсіі ў памеры пяці базавых велічынь. Дарэчы, Пётр Ільіч – не самы пажылы чалавек у раёне: лепяльчанка Лідзія Ланько адзначыла векавы юбілей яшчэ ў лістападзе 2012 года. Аднак сярод мужчын – доўгажыхароў пакуль ён адзін. Дарэчы, тых, хто перасягнуў 95-гадовы рубеж, у нашым раёне 15 чалавек.
Пальцаў абедзвюх рук не хопіць, каб пералічыць дзяцей і ўнукаў Пятра Ільіча: трое дзяцей, шэсць унукаў, шэсць праўнукаў, адзін прапраўнук. Вось толькі, на жаль, за святочным сталом нават у стогадовы юбілей сабрацца ўсёй сям'і не ўдалося. Сын Пётр з сям'ёй жыве ў Лепелі, іншыя ж дзеці і ўнукі – у Расіі. Фотакалажы, партрэт дзядулі – унукі перадалі падарункі праз сваіх бацькоў. На адным з іх – усё ўвага трохгадоваму прапраўнуку Даніілу.
Павіншаваць бацьку з Пензы прыехала дачка Святлана з мужам, з Краснадарскага краю – сын Віктар з жонкай. Праўда, і гэтай сустрэчы магло б і не быць: пасля 1946 года сувязь з сям'ёй Пётр Ільіч, які пайшоў на фронт у першы ж дзень вайны, страціў. І толькі ў 2006 годзе ўжо самі дзеці знайшлі бацьку дзякуючы праграме «Ждзі меня». Да гэтага часу надзея на сустрэчу была маленькая. Аднак, нават лічачы яго загінулым, сваіх пошукаў не спынялі.