Фестываль "Жнівеньскія Спасы" збярэ прыхільнікаў духоўнай творчасці і культуры ў Бешанковіцкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА рэжысёр свята Алеся Цепота.

Мерапрыемства, прысвечанае жнівеньскім праваслаўным святам - Яблычнаму, Мядоваму і Арэхаваму (яго яшчэ часам называюць Хлебным або Льняным) Спасам, адбудзецца ў аграгарадку Бачэйкава 19 жніўня. Яго адкрые святочная служба ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Усіх удзельнікаў благаславіць настаяцель царквы айцец Сергій, пасля чаго будзе дадзены старт непасрэдна шматлікім святочным мерапрыемствам. Так, адкрыюцца выставы духоўнай літаратуры і дзіцячых малюнкаў Бачэйкаўскай сярэдняй школы, экспазіцыя вышытых ікон мясцовага майстра Надзеі Краска. Самыя адважныя змогуць прыняць удзел у конкурсе чытальнікаў "Божыя іскрынкі" па дэкламацыі вершаў і прозы духоўнага зместу.

Гурманам арганізатары прапануюць ацаніць стравы беларускай нацыянальнай кухні. Аматары патанцаваць запрашаюцца на пляцоўку, дзе выступяць раённыя калектывы мастацкай самадзейнасці. Таксама ўсе жадаючыя змогуць набыць прадукцыю пчалярства на выставе-продажы "На мядок разявай раток", вырабы з гліны, лазы і саломы майстроў народнай творчасці. Дзяцей жа чакаюць розныя конкурсы і атракцыёны, у тым ліку праграма "Цок-цэгірок", падрыхтаваная па матывах беларускіх народных гульняў.

"Гэты фестываль арганізуецца ўпершыню, аднак з боку мясцовых жыхароў ужо адчуваецца да яго дастаткова высокі інтарэс. У нашых планах зрабіць яго брэндавым мерапрыемствам Бешанковіцкага раёна", - адзначыла Алеся Цепота.