З.Ломаць раскрытыкаваў улады Дубровенскага раёна за неефектыўнае выкарыстанне зямлі
18.6.20100 праглядаў
18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Зенон Ломаць, наведваючы Дубровенскі раён, падвергнуў крытыцы мясцовыя органы ўлады за неефектыўнае выкарыстанне зямлі. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе КДК.
Дзяржкантроль правёў маніторынг сітуацыі ў гэтым раёне. Старшыня КДК адзначыў, што раённая землеўпарадкавальная служба не заўсёды на належным узроўні выконвае ўскладзеныя на яе функцыі. У шэрагу вёсак ужо доўгі час не выкарыстоўваюцца зямельныя ўчасткі пасля зносу былымі ўласнікамі дамоў, яны зараслі хмызняком і пустазеллем.
Як сказаў кіраўнік КДК, землеўпарадкавальная служба не ажыццяўляе належнага кантролю і за землямі сельскагаспадарчага прызначэння, якія знаходзяцца ў пастаянным карыстанні сельгаспрадпрыемстваў. Так, устаноўлены факты невыкарыстання земляў сельскагаспадарчага прызначэння ў КУСГП "Зарубы", ПСГ "Калгас Баброва", КУСГП "Прыдняпроўскі", КУСГП ім. Чарняхоўскага, ААТ "Аграбудскае", ПСГ "Калгас 40 год Кастрычніка".
Не наладжана шырокае інфармаванне грамадзян аб наяўнасці вольных (незанятых) зямельных участкаў, размешчаных у Дубровне і ў сельскіх населеных пунктах раёна, якія могуць быць прадастаўлены грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў і калектыўнага садаводства. Дапушчаны парушэнні як у фарміраванні пералікаў вольных зямельных участкаў, так і ў распаўсюджванні звестак аб іх наяўнасці.
Старшыня Камітэта дзяржкантролю падкрэсліў, што праца па забеспячэнні выканання зямельнага заканадаўства і навядзенні парадку на зямлі з'яўляецца адной з найважнейшых абавязкаў мясцовай улады, і запатрабаваў ад Дубровенскага райвыканкама правядзення гэтай працы на належным узроўні. На пасяджэнні райвыканкама Зенон Ломаць адзначыў, што гэтыя пытанні будуць знаходзіцца на пастаянным кантролі КДК.
Кіраўнік кантрольнага ведамства таксама прааналізаваў стан прамысловага комплексу раёна і адзначыў наяўнасць (па выніках пяці месяцаў) чатырох стратных арганізацый, у тым ліку ААТ "Дубровенскі льнозавод". На гэтым прадпрыемстве фіксуецца істотны рост запасаў гатовай прадукцыі: за 5 месяцаў выраблена 259 т доўгага валакна, на 7 чэрвеня мелася ў запасах 245 т доўгага ільнавалакна або амаль пяцімесячны аб'ём вытворчасці. Але якасць гэтага лёну не адпавядае патрабаванням спажыўца доўгага ільнавалакна - РУПТП "Аршанскі льнокамбінат". Такім чынам, на прадпрыемстве складваецца крытычная сітуацыя, але мясцовая ўлада абыякавая да цяжкасцей Дубровенскага льнозавода. У сувязі з гэтым Зенон Ламаць нацэліў кіраўніцтва райвыканкама на тэрміновае прыняцце мер па вывадзе прадпрыемства з цяжкага фінансавага становішча.
Пасля заканчэння пасяджэння райвыканкама старшыня КДК наведаў ААТ "Дубровенскі льнозавод". На прадпрыемстве кіраўніку КДК паказалі новую вытворчую лінію, азнаёмілі з тэхналагічным працэсам і расказалі, якія меры плануюць прымаць, каб палепшыць становішча. У прыватнасці, паколькі на Аршанскім льнокамбінаце адсутнічаюць станкі для перапрацоўкі доўгага ільнавалакна нізкай якасці, дубровенцы прапануюць закупіць новае абсталяванне, якое дазволіць перапрацаваць пакуль не запатрабаванае аршанцамі ільнавалакно.-0-
БЕЛТА