Вид расліны – залатарнік канадскі. Шмат хто вырошчвае яго як дэкаратыўную кветку, зусім не падазраваючы, што апошнія гады ў нашай краіне залатарнік канадскі абвешчаны ворагам не менш небяспечным, чым боршчнік Сасноўскага.
Па хуткасці і маштабах свайго распаўсюджвання залатарнік канадскі ў разы перавышае многія іншыя расліны. Калі своечасова яго не знішчыць, ён выцесніць усё, што расце вакол яго. Кожны куст залатарніка выпрацоўвае да 100 тысяч насення, якія адрозніваюцца вельмі высокай усходжасцю – да 95%. Корань гэтай расліны выпрацоўвае інгібітары – рэчывы, якія падаўляюць рост іншых раслін. Услед за гэтым знікае большасць лугавых насякомых, птушак, дробных млекакормячых. Такім чынам, займаючы любы ўчастак, залатарнік цалкам змяняе яго жывёльны і раслінны свет.
Для таго, каб спыніць распаўсюджванне небяспечнага заваёўніка тэрыторый, неабходна, па-першае, перастаць упрыгожваць пасадкі гэтай кветкай. Бо насенне яго вельмі хутка разносiцца ветрам, і гэта прыводзіць да з'яўлення новых ачагоў яго зараджэння. Па-другое, залатарнік канадскі трэба абавязкова скашваць да цвіцення і паспявання насення. А інакш давядзецца спальваць расліны.
Скашваць трэба за сезон шматразова. І так некалькі гадоў запар, да поўнага знішчэння. Толькі мэтанакіраваная барацьба з гэтым шкоднікам дасць станоўчы вынік і не дазволіць яму заняць і знішчыць сельскагаспадарчыя ўгоддзі.