Някои людзі пасля купання выяўляюць у сябе чырвоныя свербячыя пухіры. Гэта – паразітарнае захворванне – церкарыёз, або «сверб купальшчыкаў». Узбуджальнік гэтага захворвання – мікраскапічныя лічынкі гельмінтаў водаплаўных птушак, якія паразітуюць у целе прамежкавых гаспадароў – рачных малюскаў-прудавікоў. Лічынкі свабодна перамяшчаюцца ў вадзе і, такім чынам, трапляюць у арганізм канчатковых гаспадароў – птушак сямейства качыных і чайак, а могуць трапіць у выпадковага гаспадара – чалавека, які «заседзеўся» ў вадаёме. У арганізме чалавека яны хутка гінуць, але паспяваюць выклікаць алергічную рэакцыю.

Звычайна праз 10-15 хвілін пасля купання ў заражаным церкарыямі вадаёме, скура ў месцах пранікнення лічынак гельмінтаў (часцей: галёнкі, сцёгны, ягадзіцы) чырванее, адчуваецца паколванне, паленне, сверб, пазней з'яўляецца сып, можа падняцца тэмпература цела. Праз 2-3 дні сверб пачынае сціхаць, але сып застаецца яшчэ на некалькі дзён. Часам пацярпелыя адчуваюць слабасць, галавакружэнне, парушэнне сну; у цяжкіх выпадках – павышэнне тэмпературы, сухі кашаль.

Пазбавіцца ад свербу можна, прыклаўшы да паражаных месцаў марлевыя сурвэткі, змочаныя ў растворы соды (чайная лыжка на шклянку вады). Можна выкарыстоўваць супрацьсвербяжныя мазі і гелі, якія ўтрымліваюць процівалергічны кампанент. Калі сверб вельмі моцны, неабходна звярнуцца да ўрача.

Каб пазбегнуць заражэння, неабходна памятаць і выконваць наступныя правілы:

- не прыкормліваць дзікіх водаплаўных птушак у месцах, прызначаных для купання;
- купацца на спецыяльна абсталяваных пляжах, далей ад скопішчаў рачных малюскаў і месцаў гнездавання водаплаўных птушак;
- знаходзіцца ў вадзе не больш за 5-10 хвілін (для абароны ад пранікнення лічынак скуру можна змазваць пажыўнымі крэмамі і алеямі або рэпелентамі на вазелінавай аснове);
- выйшаўшы з вадаёма, абмывацца вадаправоднай вадой, а калі няма такой магчымасці, то насуха абцірацца ручніком (асабліва галёнкі і сцёгны).

Урач-эпідэміёлаг Н.Паборцава