Самых актыўных і дзейных жанчын Віцебшчыны, якія дамагліся поспехаў у розных сферах, ушанавалі напярэдадні 8 сакавіка ў абласной філармоніі. Тут адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога этапу XIV Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года – 2021». Штогадовае мерапрыемства традыцыйна праводзіцца па ініцыятыве абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і аблвыканкама.
Вінаватаў урачыстасці павіншаваў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.
– Праяўляючы сябе як лідары ў розных сферах жыцця, вы натхняеце нас, мужчын, на добрыя мужныя ўчынкі, і мы хочам зрабіць ваша жыццё прыгажэйшым, трапятка ставімся да вашых жаданняў і спрабуем іх выконваць. Невыпадкова слова «Радзіма» жаночага роду, і яно неаддзельна ад слова «маці». Усе вы – маці, бабулі – захоўваеце сямейны ачаг і дорыце ўсю сваю любоў, дзякуй вам за гэта. І менавіта вы з'яўляецеся сапраўднымі патрыётамі нашай краіны, – сказаў Анатоль Канстанцінавіч.
Сучасныя беларускія жанчыны, укладваючы ў грамадскую дзейнасць асабістыя і прафесійныя якасці, робяць свет лепшым, падтрымліваюць традыцыйныя каштоўнасці беларусаў – сям'я, мір і стварэнне – і сваёй працай умацоўваюць адзінства ў краіне.
– Лічу вельмі важным прызнанне ролі грамадскіх аб'яднанняў, якія сёння бяруць на сябе вельмі многія функцыі. А Беларускі саюз жанчын – адна з самых масавых і, мабыць, самых уплывовых арганізацый, якой ужо споўнілася 30 гадоў, – адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў.
Пераможцамі абласнога этапу сталі 36 удзельніц, якіх прадставілі да ўзнагароджання ў 9 намінацыях. Сярод іх паспяховыя кіраўнікі, урачы, дзеячы культуры і адукацыі, ветэраны, прыёмныя бацькі і іншыя.
У намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» ўзнагароджана старшыня прафсаюзнай пярвічкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Харлашова. Яна з'яўляецца ініцыятарам вялікай колькасці мерапрыемстваў патрыятычнага характару, грамадзянскіх акцый.
– На працягу 2021 года мы ўдзельнічалі ў інтэрнэт-чэленджах, прысвечаных Году народнага адзінства, мітынгах памяці загінулых у гады вайны, наведвалі дома былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, стараліся ўдзяліць увагу ветэранам. Да гэтай працы прыцягвалі моладзь. Я вельмі ўдзячна за падтрымку роднай ВНУ, без якой гэтая праца не магла б адбыцца, – расказала Наталля Харлашова, якая пераканана, што сучасная жанчына – гэта не толькі захоўвальніца сямейнага ачага, але і надзейны тыл усяго грамадства.
Пенсіянер МУС Рэспублікі Беларусь маёр міліцыі Данііла Жынгель з Шаркаўшчыны ўзнагароджана ў намінацыі «Не старэюць душой ветэраны». Данііла Уладзіміраўна стаяла ля вытокаў стварэння і каля 30 гадоў узначальвала Шаркаўшчынскую раённую арганізацыю Беларускага саюза жанчын. Закладзеныя ветэранам традыцыі цяпер працягвае моладзь.
– Гэтая дзейнасць дае мне натхненне да жыцця, самаразвіццё, з'яўляецца стымулам ва ўсім, – падзялілася Данііла Уладзіміраўна. Шмат гадоў яна кіравала службай па грамадзянстве і міграцыі, працавала дырэктарам сацыяльнага прытулку. Сёння ўзначальвае ветэранскую арганізацыю АУС Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Пераможцам новай намінацыі «Ганарымся і памятаем», якую ўвялі да Года гістарычнай памяці, стала ветэран працы, віцебскі журналіст з 45-гадовым стажам Ніна Пісарэнка, аўтар кнігі «Скрадзенае дзяцінства, або Вайна вачыма дзіцяці», якая выйшла ў свет у 2021 годзе. Выданне атрымала высокую ацэнку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама і Міністэрства адукацыі і рэкамендавана для патрыятычнага выхавання школьнікаў.
Як адзначыла старшыня абласной грамадскай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Алена Мартынава, члены БСЖ кожны дзень уносяць істотны ўклад у працвітанне краіны, дзейнічаючы па закліку душы і сэрца.
Крыніца: vitebsk-region.gov.by