24 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Зорка Ігара Лучанка заззяе на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" ў дні XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Пра гэта сёння на пасяджэнні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта паведаміў начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Вядомы і любімы не адным пакаленнем слухачоў, народны артыст СССР, кампазітар Ігар Лучанок працуе ў розных жанрах: вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найбольш плённа - у песенным. "Памяць сэрца", "Мой родны кут", "Журавы на Палессе ляцяць", "Спадчына", "Алеся", "Вераніка", "Майскі вальс", "Дарагія мае землякі", "Верасы", "Хатынь", "Калі б камяні маглі гаварыць", "Ліст з 45-га", "Пакуль на зямлі існуе любоў" - далёка не поўны пералік яго вядомых песень. З твораў кампазітара фарміраваліся рэпертуары аркестра Міхаіла Фінберга, Іосіфа Кабзона і ансамбля "Песняры". Характэрна, што на папярэднім фестывалі, у 2010 годзе, на Алеі з'явілася зорка ансамбля "Песняры" і яго заснавальніка Уладзіміра Мулявіна. Раней тут заззялі зоркі ў гонар кампазітараў Андрэя Пятрова, Аляксандры Пахмутавай, выканаўцаў Алы Пугачовай, Сафіі Ратару, Валерыя Леанцьева. Спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" была заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў 2005 годзе. Яна ўручаецца дзеячам культуры і мастацтва, творчым калектывам, арганізацыям, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаваных на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях. XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 8 па 14 ліпеня 2011 года.-0-

БЕЛТА