Зорка Льва Лешчанкі заззяла на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі ў Віцебску
12.7.20120 праглядаў
12 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Зорка Льва Лешчанкі заззяла сёння на Алеі лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" на XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як падкрэсліў на цырымоніі міністр культуры Беларусі Павел Латушка, усё, што б мы ні сказалі пра гэтага чалавека, было б мала. "Гэта легендарная асоба для культур нашых народаў, чалавек, які сваім мастацтвам, узрушаючым талентам аб'ядноўвае народы, сціраючы межы паміж дзяржавамі і людзьмі, аб'ядноўвае ўсіх нас сваёй творчасцю", - адзначыў міністр. Ён выказаў упэўненасць у тым, што для нашых народаў Леў Лешчанка заўсёды будзе знакавай фігурай у мастацтве і любімым артыстам.
Цёплыя словы віншаванняў Льву Лешчанку выказаў і старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін. "Гэта знамянальная падзея. На працягу некалькіх пакаленняў людзі заслухоўваюцца вашымі песнямі. Яны гучаць у нашых дамах, на ўрачыстых мерапрыемствах, вялікіх сцэнах таму, што народ сапраўды іх любіць", - сказаў мэр Віцебска, дадаўшы, што з сённяшняга дня Леў Лешчанка лічыцца жыхаром Віцебска.
"Сённяшняя падзея з'яўляецца для мяне вялікім гонарам, - сказаў у сваю чаргу Леў Лешчанка. - Мы жывём у адной прасторы: глядзім адны кінафільмы, чытаем літаратуру, слухаем адну музыку. Хацелася б, каб гэтая інтэграцыя, сувязь паміж нашымі народамі ніколі не перапынялася, каб мы ніколі не забывалі ўсё тое добрае і светлае, што нас звязвае".
Народны артыст Расіі Леў Лешчанка з'яўляецца ўладальнікам прэміі імя Ленінскага камсамола, ордэна Дружбы народаў, ордэна "За заслугі перад Айчынай" IV ступені і іншых важкіх узнагарод за свой уклад у развіццё мастацтва. Насычаную творчую дзейнасць артысту ўдаецца паспяхова сумяшчаць з педагагічнай: больш за 10 гадоў ён выкладае ў Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, а многія вучні Льва Лешчанкі сталі вядомымі артыстамі эстрады (Каця Лель, Марына Хлебнікава, Варвара і інш.).
У папярэднія гады ў дні фестывалю на алеі былі адкрыты зоркі ў гонар народнага артыста СССР Ігара Лучанка, ансамбля "Песняры" і яго заснавальніка Уладзіміра Мулявіна, кампазітараў Андрэя Пятрова, Аляксандры Пахмутавай, выканаўцаў Алы Пугачовай, Сафіі Ратару, Валерыя Леанцьева.
Спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў 2005 годзе. Яна ўручаецца дзеячам культуры і мастацтва, творчым калектывам, арганізацыям, якія ўнеслі значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, прапаганду дасягненняў і ўзораў сусветнай мастацкай культуры, заснаваных на гуманістычных ідэалах і каштоўнасцях.-0-
БЕЛТА