19 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Зорка сусветнай опернай сцэны Любоў Казарноўская дасць канцэрт у Сафійскім саборы ў Полацку. Такі выдатны падарунак да 1150-годдзя старажытнага горада зробіць Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які пройдзе ў Полацку з 23 сакавіка па 11 мая, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца канцэртнага аддзела Сафійскага сабора - філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Лілія Емяльянава.
Па словах суразмоўніцы, знакамітую спявачку не давялося доўга ўгаворваць, яе зацікавіла магчымасць выступіць ва ўнікальнай канцэртнай зале, якой з'яўляецца старадаўні храм. З полацкімі гледачамі Любоў Казарноўская правядзе вечар раманса, які яна назвала "Дарогі любові". Як прызналася Любоў Казарноўская ў адным са сваіх інтэрв'ю: "Я раманс абажаю не менш, чым оперу і лічу, што ў ім на канцэртнай эстрадзе чалавек раскрываецца нашмат больш і цікавей, калі яму ёсць што сказаць, чым на опернай сцэне". Выступленне запланавана на 11 мая.
Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі заўсёды дорыць палачанам і гасцям горада сустрэчы з таленавітымі і неардынарнымі выканаўцамі. На канцэрце адкрыцця, які адбудзецца 23 сакавіка, выступіць сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. За дырыжорскім пультам будзе стаяць Вільгельм Кайцель. Сярод гасцей фестывалю ў гэтым юбілейным для Полацка годзе музычная капэла "Сонорус" пад кіраўніцтвам Аляксея Шута, дзяржаўны струнны квартэт імя М.Глінкі з Расіі, дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, а таксама музыканты з Бельгіі, Кітая, Японіі, Італіі, Балгарыі.-0-
БЕЛТА
Зорка сусветнай опернай сцэны Любоў Казарноўская выступіць у Сафійскім саборы ў Полацку
19.3.20120 праглядаў