Пераадолець страх сцэны гэтым людзям часам бывае складаней, чым іншым. Але, напэўна, як нікому менавіта ім падобныя выступленні дораць веру ў сябе...

Пераадолець страх сцэны гэтым людзям часам бывае складаней, чым іншым. Але, напэўна, як нікому менавіта ім падобныя выступленні дораць веру ў сябе... У сёмы раз людзей з абмежаванымі магчымасцямі сабраў міжрэгіянальны фестываль творчасці «Зорка надзеі».

У фае РДК гасцей сустракала выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вышыты крыжыкам дыптых з коньмі, кветкі з бісеру, вязаныя кручком ажурныя сурвэткі - над усёй гэтай прыгажосцю старанні ўдзельнікаў фестывалю – аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН, раённыя арганізацыі Беларускага таварыства па зроку, Беларускага таварыства інвалідаў. На асобным століку дэманстраваліся вырабы самых маленькіх – арт-студыі «Дружба» Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. І пакуль выступоўцы хваляваліся за кулісамі, гледачы ўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі, прызы якой - сувеніры, зробленыя рукамі інвалідаў.

«Раптам як у казцы скрыпнула дзверы» - пад гэту вядомую песню адкрыў канцэрт узорны ансамбль танца «Лілея». А затым пачаўся калейдаскоп талентаў - паэты, барды, спявачкі… і нават акцёры, лаўрэаты абласных конкурсаў, і дэбютанты. Нямудрэна – больш за 40 удзельнікаў. З гасцей - сям'я Мядзведзевых, прадстаўнікі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку з Ушач. Сяргей выконваў песні пад уласную музыку, а жонка Людміла распавядала гумарэску «Ахвяра эксперыментаў».

Акампануючы сабе, спявалі Сяргей Осовский і Раіса Дзямко. А пад скрыпку Алега Дыммана аўтарскія вершы чытала Соф'я Несцярук, удзельніца літаратурна-музычнага клуба «Выток». Дарэчы, на гэтым фестывалі знайшлося месца і для байкаў Кандрата Крапівы.

Тэатралізаваную пастаноўку «Калабок. Вяртанне» па матывах народнай казкі прадставіла аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Для калектыву «Калабок», кіраўнік якога Дар'я Голубкова, цяперашняя «Зорка надзеі» - першае выступленне на вялікай сцэне. Дэбютаваў і іншы калектыў - ансамбль «Мятліца», створаны пры гэтым жа аддзяленні. Яго асноўны склад – слабавідушчыя людзі. Народныя песні гэтых артыстаў адпавядаюць іх нацыянальным касцюмам.

Сярод выступоўцаў ёсць і тыя, хто паспеў паказаць свой талент шырокай публіцы. Напрыклад, Дзяніс Аблаушка – пастаянны ўдзельнік не толькі раённых, але і абласных конкурсаў. А нядаўна хлопец, які паспеў набыць славу мясцовага «Стаса Міхайлава», стаў лаўрэатам абласнога фестывалю «У крузе сяброў».

Мікалай Нікіцін, намеснік старшыні райвыканкама, які ўручаў удзельнікам фестывалю граматы і падарункі, заўважыў, што пра праблему людзей з абмежаванымі магчымасцямі загаварылі толькі ў пачатку 90-х гадоў. У Лепелі з'явіліся першыя класы інтэграванага навучання, адкрыўся цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Сёння ў раёне больш за тысячу людзей з абмежаванымі магчымасцямі і сярод іх шмат таленавітых, неардынарных асоб. Нешта даецца цяжка, але ў іх ёсць імкненне жыць, змагацца і дасягаць вышынь.

   
Вольга Сакалоўская, старшыня Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, адзначыла, што «Зорка надзеі» дорыць веру ў сябе і, як ні банальна, надзею. З кожным годам колькасць удзельнікаў павялічваецца. Вельмі важна, каб такія людзі не замыкаліся і маглі паказаць свае таленты. Напрыклад, Сяргей Мартыновіч, інвалід другой групы па зроку, добра фатаграфуе, Надзея Шайтор пляце з бісеру, ёсць дзяўчына, якая позна навучылася гаварыць, і цэлыя вершы ёй было не адолець, але выступаць вельмі хацелася, трэніравалася, рэпетыравала. На першых фестывалях пачынала з чатырох радкоў. Цяпер жа дэкламуе вялікія творы. Скончыла полацкі каледж і працуе.

Людзям з абмежаванымі магчымасцямі не патрэбна жаласць. Найбольш каштоўная ўвага і ўдзел у лёсе - «Зорка надзеі» таму пацвярджэнне.

   
Кацярына АСОЎСКАЯ
На здымку: Мікалай Нікіцін уручае граматы ушацкім гасцям.
Фота аўтара.