Зоркам экрана 1950-1980-х гг. прысвечана выстава паштовак у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання.

Зоркам экрана 1950-1980-х гг. прысвечана выстава паштовак у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання.

Экспазіцыя з прыватнай калекцыі Святланы Шалаевай адкрываецца 26 верасня. У яе ўвайшлі паштоўкі 1950-1980-х гг. з выявамі вядомых артыстаў савецкага і замежнага кіно — кумірамі, якія былі ўлюбёны не адным пакаленнем: абаяльны Андрэй Міронаў, непаўторны Вячаслаў Ціханаў, юная Анастасія Верцінская, прыгажуня Таццяна Самойлава, усімі ўлюбёны Шурык (ён жа Аляксандр Дзям'яненка) і многія іншыя.

"Як і ўсе дзяўчынкі майго часу, я збірала фанцікі, віншавальныя паштоўкі. Калі мне споўнілася 10 гадоў, мама прапанавала калекцыянаваць нешта больш сур'ёзнае, напрыклад, фота артыстаў. Ёй і самой гэта было цікава. І ў 1968 годзе ў нас дома з'явіліся першыя фотакарткі", — узгадвае калекцыянер. Захапленне захавалася на ўсё жыццё. Цяпер калекцыя Святланы Шалаевай налічвае каля 800 паштовак.

Па словах супрацоўнікаў музея, у савецкі час паштоўкі з фотаздымкамі артыстаў выпускаліся аддзяленнямі Усесаюзнага Бюро па прапагандзе кінамастацтва ў Маскве, Ленінградзе, Тбілісі, Мінску, Кішынёве, Рызе і іншых гарадах. Артысты "прадаваліся" паўсюль: у кіёсках друку, кнігарнях. Можна было купіць карткі ў наборах і адзінкавыя экзнепляры вялікага і малога фармату. На адваротным баку амаль заўсёды прысутнічала невялікая тэкставая даведка пра артыста (што скончыў, у якіх фільмах здымаўся і г.д.) У 70-80-я гады з'явіліся фотаздымкі, на якіх акцёр выяўлены ў ролі, у касцюме і грыме. На паштоўках захаваны сцэны з такіх папулярных і любімых фільмаў, як "Масква слязам не верыць" Уладзіміра Меньшова, "Снягурка" Генадзя Казанскага, "Салярыс" Андрэя Таркоўскага, "Браты Карамазавы" з легендарным Міхаілам Ульянавым.

Наведаць выставу можна да 4 лістапада.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)