А дарога шэраю стужкаю уецца…

2 ноября 2011

А дарога шэраю стужкаю уецца…

Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне №37 РУП “Віцебскаўтадар” абслугоўвае 452 кіламетры дарог. Працоўны калектыў забяспечвае захаванасць гэтых транспартных шляхоў зносін і пабудоў прыдарожнага сэрвісу на іх (аўтобусных прыпынкаў, дарожных знакаў і г.д.), выконвае разнастайныя рамонтныя работы. Створана шэсць лінейна-дарожных дыстанцый, тры з якіх дзейнічаюць на тэрыторыі Лепельскага раёна і яшчэ тры -- ў Чашніках, Ушачах і Бягомлі. У ДЭУ-37 працуе 117 чалавек.

За дзевяць месяцаў выканана работ па ўтрыманню дарог на 7,5 млрд. рублёў і па бягучаму рамонту – на 2 млрд. рублёў. Зроблена паверхневая апрацоўка дарожнага палатна з абуладкаваннем і выраўноўваннем слаёў асфальтабетону на 32 кіламетрах дарог. На ўсіх замацаваных дарогах выконваўся ямачны рамонт, абуладкоўвалася прыдарожная інфраструктура і г. д. Акрамя таго, аказана паслуг уласным транспартам пабочным арганізацыям на 342 млн. рублёў, выканана работ уласнымі сіламі для негаліновых заказчыкаў на 29 млн. рублёў і платных транспартных паслуг насельніцтву -- на 7,5 млн. рублёў. Сярэднемесячны заробак складае 1536 тыс. рублёў, што на трэць перасягнуў леташні ўзровень. Чысты прыбытак склаў 106 млн. рублёў. Рэнтабельнасць дасягнула 3,7 працэнта.

Ідзе падрыхтоўка да зімовага перыяду. Вядзецца нарыхтоўка пясчана-солевай сумесі. Назапашана толькі пяска ўжо каля 5,5 тыс тон. Зладжана працуе ўстаноўка, якая дазваляе выдаляць камяні з пяску.

Кругласутачная дыспетчарская служба ў рэжыме рэальнага часу атрымлівае звесткі з усіх дарожна-вымяральных станцый (тэмпература паветра і дарожнага палатна, накірунак ветру, ападкі і іх інтэнсіўнасць і г.д.), размешчаных па тэрыторыі ўсёй рэспублікі праз кожныя 50-70 кіламетраў. Адна з такіх станцый знаходзіцца на ўездзе ў Лепель. Гэта дазваляе загадзя падрыхтаваць людзей і тэхніку, напрыклад, пры набліжэнні моцнага снегападу або іншых экстрэмальных прыродных з’яў, і да мінімуму звесці іх негатыўны ўплыў на бяспеку дарожнага руху.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ
На здымку: вадзіцель ДЭУ-37 Васіль Шанцавалаў.
 Фота аўтара