Акцыя “Беларусь супраць курэння” на Лепельшчыне

23 мая 2012

Акцыя “Беларусь супраць курэння” на Лепельшчыне

        У Бароўскай СШ сцвярджаюць, што мода на курэнне ў мінулым часе. Школа актыўна змагаецца з гэтай згубнай звычкаю. Ва ўсіх класах прайшлі адзіныя інфармацыйныя гадзіны на тэмы “Не – тытуню!”, “Прадоўжы сваё жыццё”, “Курэнне – прычына ракавых захворванняў” і г.д. Здароваму ладу жыцця быў прысвечаны конкурс школьных агітбрыгад. Для гутарак аб шкодзе курэння запрасілі вядомых спартсменаў футбаліста Генадзя Тухто, мнагаборца Сяргея Новікава. Школа аб’яўлена зонай, свабоднай ад курэння.
       Чарговыя выставы-конкурсы ў Заслонаўскай СШ прысвяцілі здароваму ладу жыцця. Дзеці малявалі карцінкі і плакаты аб шкодных звычках, каб ад іх пазбавіцца. У конкурсах узялі ўдзел вучні 5-11 класаў. Тэме алкагалізма, табакарурэння і г.д. быў прысвечаны конкурс школьных агітбрыгад, які праходзіў па паралелях. Акцыю “Беларусь супраць курэння” ў Заслонаве сустрэлі легкаатлетычнай эстафетаю, удзельнікамі якой сталі вучні сярэняга і старэйшага школьнага звяна.  На тэму здаровага ладу жыцця прайшлі тэматычныя класныя гадзіны і прагляд дакументальнага фільма.

       Насычанамі мерапрыемствамі стануць апошнія тыдні навучальнага года і ў СШ №3. Усе яны пройдуць у межах акцыі. Барацьба з цыгарэтаю прадоўжыцца на тэматычных класных гадзінах. Старшакласнікі паглядзяць дакументальны фільм “Прафілактыка тытунекурэння, алкагалізма і наркаманіі”. Вучні малодшых класаў пазнаёмяцца з гэтай тэматыкай у выглядзе мульцікаў. Інфармацыйныя гадзіны запланаваныя з канферэнцый, “круглых сталоў” і г.д. Па традыцыі штогод школа запрашае для прафілактычнай гутаркі з дзецьмі ўрача Зою Курсо. Прапагандзе здаровага ладу жыцця прысвечаныя і трэнінгі ў псіхолага, і размовы з бацькамі, і саветы прафілактыкі, і “Прамая лінія з мамай”. Апафеозам акцыі стане спартыўнае свята “Дзень здароўя”.

       Перапынкі паміж заняткамі ў дзяржпрафліцэі не праходзяць дарэмна. Тут у фае размясцілі мультымедыяўстаноўку, праз якую даводзяць да навучэнцаў неабходную інфармацыю. У гэтыя дні ў ліцэі дэманструюць кароткія пяціхвілінныя відэаролікі, якія засцерагаюць ад шкодных звычак і прапагандуюць здаровы лад жыцця. Як новы перапынак – так новы ролік.
      Пад эгідай БРСМ ліцэй праводзіць акцыю “Мяняем цыгарэту на цукерку”. А напрыканцы месяца плануюць запрасіць шэраг школ раёна на спартыўнае свята “Актыўны рух супраць курэння”. Падлеткі паўдзельнічаюць ў спаборніцтвах па розных відах спорту. Антынікацінавай тэматыцы прысвечаныя таксама тэматычныя класныя гадзіны і дыскатэка.

  Віктар ЛЯШЧЫНА