“Аліса ў Зазяркаллі”

28 марта 2011

“Аліса ў Зазяркаллі”

 Узорны тэатр-студыя “Сюрпрыз” дзіцячай школы мастацтваў сёлета адкрыў юбілейны 20 сезон спектаклем “Аліса ў Зазяркаллі. Як на наступны дзень паведамілі карэспандэнту, на спектакль было прададзена 229 білетаў і раздадзена яшчэ 60 запрашальных. Любая пастаноўка “Сюрпрыза” – вялікая падзея ў культурным жыцці горада. Спектаклі з цікавасцю глядзяць школьнікі і дарослыя, а потым дзеляцца ўражаннямі, абмяркоўваюць, нават спрачаюцца, бо галоўная задача мастацтва – не пакінуць нікога раўнадушным.

 Чаму менавіта Аліса, чаму Зазяркалле? У чым прычыны такога выбару? Зазяркалле – краіна дзіцячых фантазій, куды дарослым ужо дарогі няма, хіба што ў сне. Толькі так можна вярнуцца ў чароўную краіну Дзяцінства. Там усё наадварот, не так, як у нашым Свеце Дарослых. Там усе справы дзяцей – самыя важныя і неадкладныя. Які можа быць абед ці пудынг, калі так захапляльна складваецца шахматная партыя, наперадзе такі ўдалы ход! Ад таго, што дарослыя неабачліва адцягваюць дзяцей ад іх важных спраў, у свеце фантазій застаюцца дзівосныя жывёлы, намаляваныя дзецьмі, але без імёнаў, бо малыя не паспелі іх назваць...

 Адаптаваць казку да лепельскай сцэны ўзялася колішняя выпускніца тэатра-студыі Ганна Казлова, яна фактычна напісала поўную п’есу. Поспех выканаўцаў галоўных роляў Алісы – Насці Карпусенкі, Чорнай Каралевы – Алены Карпіцкай, Белай Каралевы – Арыны Трусавай, Чорнага Караля – Колі Крывяля, Белага Караля – Паўла Фацюшчанкава, Белага Рыцара – Ягора Калініна і іншых артыстаў быў бы немагчымым без дапамогі, узаемадзеяння ўсяго творчага калектыва. Уражваюць касцюмы, зробленыя Розай Заенчык.

 У спектаклі задзейнічаны 35 артыстаў, і ва ўсіх – незвычайныя, фантастычныя ўборы, якія раскрываючы сутнасць персанажа, даюць і артысту прастору для палёту творчасці, і гледачу – для палёту фантазіі. Касцюмы гарманічна дапаўняюцца маскамі і рэквізітам, зробленымі таленавітымі рукамі мастакоў Аляксандра і Марыны Саўчанкаў. Традыцыйна самых лепшых слоў заслугоўваюць дэкарацыі Івана Будзіча. Гэта, мажліва, самае лепшае афармленне сцэны, бо –- лаканічнае, нічога залішняга. Музыка Інгі Карпусенка, песні надалі пастаноўцы рамантычнае, узнёслае гучанне.

 Васіль МАТЫРКА
 На здымку: Аліса з фантастычнымі жывёламі
Фота аўтара