Азімыя усходы

18 ноября 2013

Азімыя усходы

Больш 6600 гектараў азімых культур пасеяны сёлета на палетках Лепельшчыны. Да традыцыйных жыта, пшаніцы, трыцікале усё больш дадаецца азімы рапс.

Больш 6600 гектараў азімых культур пасеяны сёлета на палетках Лепельшчыны. Да традыцыйных жыта, пшаніцы, трыцікале усё больш дадаецца азімы рапс.

 З-за дажджлівага надвор’я пад час жніва уборка на некалькі дзён зацягнулася, што ў сваю чаргу выклікала сцісканне спрыяльных агратэхнічных тэрмінаў для азімай сяўбы. Яшчэ камбайны дажыналі апошнія палеткі, а ў палях ужо ваўсю шчыравала глебаапрацоўчая тэхніка, сеялкі наразалі роўныя барозны.

 Як ні цяжка было, але час не ўпусцілі. Ва ўзараную зямлю была ўнесена неабходная колькасць угнаенняў, насенне – праверана і апрацавана хімікатамі перад сяўбой.

 З нагоды свята падведзены вынікі спаборніцтва сярод калектываў сельгасарганізацый раёна. Сярод галоўных аграномаў лепшым прызнаны Уладзімір Судак, які працуе ў СВФ “Заазер’е”. Дабівацца высокіх вынікаў акрамя добрай прафесійнай вывучкі яму дапамагае яшчэ багаты шматгадовы вопыт.

 Непасрэдна ж на сяўбе азімых культур лепшым прызнаны механізатар Станіслаў Смажэўскі. Ён на агрэгаце КГ-6 засеяў 510 гектараў. Калі ўлічваць, што пасяўная доўжылася 25 дзён, атрымаецца, што за дзень Станіслаў засяваў больш, як па 20 гектараў.

 Сёння аграномы канстатуюць добры стан усходаў. Амаль на ўсіх 100% азімых палеткаў парасткі моцныя, узышлі дружна, набраліся сіл. Яны здольныя спакойна перазімаваць, а вясной дружна рушыць у рост. Пры ўмове, вядома, што не абрынецца прыродная анамалія.

 На пяць бліжэйшых месяцаў земляробы могуць дазволіць сабе перадышку. За гэты час можна няспешна адрамантаваць тэхніку, падрыхтаваць яе да новага сезону палявых работ.

 Васіль МАТЫРКА.