Бронзавы прызёр Рэспублікі

21 января 2013

Бронзавы прызёр Рэспублікі

Юныя выхаванцы секцыі дзюдо Лепельскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву, якія ўжо не першы год пераймаюць навыкі баявога майстэрства ў выдатных трэнераў Галіны, Георгія і Аляксея Паповых, неаднаразова праслаўлялі наш раён у шэрагу абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Чарговыя перамогі юныя спартсмены прывезлі з першынства Віцебскай вобласці сярод кадэтаў (да 18 год) па барацьбе дзюдо, якое праходзіла ў Полацку.

 У вагавай катэгорыі да 60 кілаграмаў першае месца заняў Яўген Міхно, а Дзмітрыю Груку ў вагавай катэгорыі да 55 кілаграмаў і Алене Камоцкай (катэгорыя да 48 кілаграмаў) прысуджана трэцяе месца.

 Перамога на першынстве Віцебскай вобласці стала для Яўгена Міхно пачаткам шляху да новых вышынь. У складзе зборнай Віцебскай вобласці Жэня прыняў удзел у Адкрытым першынстве Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла ў спартыўным алімпійскім камітэце “Стайкі” ў г.Мінску.

 Сваё баявое майстэрства на першынстве праявілі 239 мацнейшых юнакоў з усіх гарадоў Рэспублікі Беларусь, а таксама спартсмены з Расійскай Федэрацыі, Украіны і Малдовы.

 У першым паядынку Жэня сустрэўся з Пруднікавым з Масквы, у другім -- з Д.Багуцкім са Смаргоні і выйграў чыста, за 52 секунды.

 Схватка Жэні Міхно з М.Бончура з Бялынічаў прайшла вельмі ўпорна, але наш спартсмен кінуў саперніка на адзнаку “юкко”, што вырашыла зыход на яго карысць.

 Затым Жэня ўступіў у паядынак за выхад у фінал са спарстменам з Магілёва і, дапусціўшы памылку ў партэры, прайграў.

 Наперадзе Жэню чакала барацьба за трэцяе месца.  

 На гэты раз наш спартсмен сустрэўся з сапернікам з Мінска Давідам Карапецянам. За адну хвіліну 30 секунд Жэня чыста выйграў сустрэчу і стаў бронзавым прызёрам Першынства Рэспублікі Беларусь.
 Зараз Жэню Міхно неабходна прыняць удзел у рэйтынгавых турнірах Міжнароднай Федэрацыі Дзюдо на працягу года для падрыхтоўкі да Чэмпіянату Свету сярод кадэтаў да 18 год, які пройдзе ў верасні ў г.Маямі (ЗША). Для ўдзелу ў Чэмпіянаце Свету Жэню неабходна ўдзельнічаць у Кубках Еўропы, якія пройдуць у сакавіку ў Турцыі, Украіне, у красавіку -- у Расіі, Чэхіі, а ў маі -- у Германіі і Польшчы.


 Аднак для ўдзелу ў шасці Кубках Еўропы неабходна значная сума фінансавых сродкаў. На адну паездку спарстсмена патрэбна затраціць 500 еўра, а на ўсе шэсць -- тры тысячы еўра, не ўлічваючы трэнера. Магчыма, хтосьці з жыхароў раёна пажадае аказаць спонсарскую дапамогу нашаму спастсмену, які, мы ўпэўнены, абавязкова праславіць Лепельшчыну сярод юных спарстсменаў Еўропы і Свету.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.