Будзе новая АЗС

17 сентября 2013

Будзе новая АЗС

На ўездзе ў Лепель поўным ходам вядзецца рэканструкцыя аўтазаправачнай станцыі “Белнафтахіму”. Работнікі прадпрыемства “Прамэнергабуд” працуюць нават па суботах, каб паспець здаць аб’ект у тэрмін. 

 Фактычна АЗС будуецца з нуля, усе ранейшыя пабудовы знесены. Замест старых ёмістасцяў для паліва закладзены новыя, кожная можа змясціць па 50 кубаметраў. Ад вуліцы Чуйкова ў грунт змяшчаюцца дзве ёмістасці па 100 кубаметраў. Іх прызначэнне – ахова ад пажараў, яны будуць запоўнены вадой. У выпадку надзвычайнай сітуацыі пажарная машына зможа браць ваду адтуль для тушэння.

 Замест старога будынку ўзводзіцца новы па сучасных энергазберагальных тэхналогіях. Аўтакран грузападымальнасцю 25 тон лёгка ўзносіць і апускае дакладна на месца важкія паддоны з цэглай, начоўкі з цэментным растворам, трывалыя рыштаванні. Тэхніка імпартная, кітайскай вытворчасці. Разам з тым кранаўшчык сцвярджае, што па камфорту, вытворчай магутнасці ні ў якое параўнанне не ідзе з ранейшымі ўзорамі. 

 Асабліва цікава назіраць за прыгатаваннем і падачай цэментнага раствору і бетону. Для гэтага на будоўлі задзейнічаны аўтабетоназмешвальнік італьянскай вытворчасці. Машына сама загружае ў сябе цэмент, жвір, сама запраўляецца вадой, размешвае. Прычым прапорцыя кампанентаў строга вытрымліваецца ўманціраванымі вагамі. Потым пад’язджае на патрэбнае месца і выгружае ў аўтаматычным рэжыме.  

 На Новы год лепяльчане заправяць свае машыны на новых тэрміналах. Дарэчы, у праекце будоўлі прадугледжана ўзвядзенне асобнага тэрміналу для запраўкі бензавозаў. Там яны змогуць заліць паліва і везці яго на прадпрыемствы, не замінаючы астатнім. Пасля рэканструкцыі гэта АЗС стане першым нумарам па аснашчанасці і папулярнасці.

Васіль МАТЫРКА.