Чаму вясна спазняецца?

20 апреля 2012

Чаму вясна спазняецца?

Халады сёлета зацягнуліся вось ужо амаль на два месяцы. Не за гарамі май, а ўсё яшчэ то падмарозіць, то прысыпле сняжком. Чаму спазняецца вясна? У Заслонаўскай школе жартуюць – гэта таму, што нашы юныя мастакі і іншыя творцы не спяшаюцца развітвацца з зімовым настроем і натхненнем.

 У малодшых класах падводзяцца вынікі праектна-даследчай працы, якой вучні займаюцца з пачатку гэтага навучальнага года. Назва даследчыцкага праекта “Зімушка-зіма”, і праходзіў ён пры непасрэдным удзеле бацькоў. Сярод конкурсных работ можна ўбачыць сумесныя творы настаўніцы Вольгі Кіркіж і яе дачкі Елізаветы, спецыяліста разліковага цэнтра Таццяны Кліменціёнак  з дачкой Кацярынай, медработніка Вольгі Пруднікавай з дачкой Лерай, прадаўца Наталлі Шыкавай з дачкой Данай і іншых.

 Вынікі праектнай працы стараннямі дзяцей і іх настаўнікаў Таццяны Бондал, Марыі Арловай, Галіны Рубель, Таццяны Васільевай, Алены Каштальянавай, Вольгі Кіркіж былі сістэматызаваны. Атрымалася вялікая шматпрофільная выстава. Чаго толькі на ёй не ўбачыш – і малюнкі, і падзелкі, і паэтычныя творы, і нават цэлыя газеты. Кожны з пачатковых класаў зрабіў свой дастойны ўнёсак у агульную скарбонку талентаў.

 Першакласнікі развучвалі песні, прынялі актыўны ўдзел у музычнай кампазіцыі па тэме “Зіма”. Вучні другіх класаў рабілі падзелкі і сачынялі вершы. Зімовую кніжку-раскладушку зрабілі трэццякласнікі. У яе ўвайшлі вершы, песні, загадкі, прыказкі і прымаўкі. Багата ілюстраваная кніжка малюнкамі. А старэйшыя ўдзельнікі конкурснага праекта – вучні чацвёртых класаў – выпусцілі ўласную газету, змест якой склалі не толькі вершы ды малюнкі, але і карысная інфармацыя прыродна-бытавога плана – напрыклад, зімовыя прыкметы, правіла паводзінаў пры халадах і г. д.

 Конкурс вершаў беларускіх і рускіх паэтаў, пазнавальная гульня “Хто я. Якая я?”, справаздача дзіцячых назіранняў за паводзінамі птушак – як яны зімавалі, ці бачаць птушкі сны і г.д. – усё гэта атрымала лагічнае завяршэнне на вялікім заключным прадстаўленні “Масленіца”, якое стала творчым развітаннем з зімою і сустрэчай вясны. На падвядзенне вынікаў гадавога даследчага праекта былі запрошаны бацькі.

Уладзімір МІХНО