Да маральнасці – праз духоўнасць

12 июня 2013

Да маральнасці – праз духоўнасць

Сярэдняя школа №1 удзельнічае ў рэспубліканскім праекце па духоўна-маральнаму выхаванню “Укараненне праграмы факультатыўных заняткаў “Праваслаўныя святыні Беларусі”. У гэтым накірунку з пачатковымі класамі плённа працуюць настаўнікі Алена Кузьмічонак і Людміла Міснік, а таксама намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў пачатковых класах Жанна Карпіцкая.
 Трэба сказаць, што духоўнаму выхаванню надаюць у школе надзвычай вялікую ўвагу. Тут перакананы, што менавіта праз духоўнасць ляжыць адзін са шляхоў да дзіцячай душы, што вера дапамагае дзецям і падлеткам усвядоміць сябе, сфарміравацца як асоба і вырасці паўнавартасным грамадзянінам, патрыётам сваёй Айчыны. Менавіта таму паняцце духоўнасці ў СШ №1 разглядваюць не ў вузкім аспекце. Адно як дачыненне да рэлігіі, другое як веданне гісторыі свайго краю, яго нацыянальных і культурных традыцый, фальклорных звычаяў і абрадаў. Духоўнасць тут атаясамліваюць з маральнасцю і прапагандуюць, як стыль жыцця.
 Сёлета пачатковая школа зладзіла шэраг экскурсій. Вучні першага класа пабывалі ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, другакласнікі схадзілі ў вандроўку па святых месцах нашага горада. Ужо ў малодшых класах адбываецца знаёмства дзяцей з літарамі стараславянскай азбукі. Яны цікавяцца станам кнігі і кнігадрукавання ў розныя эпохі, знаёмяцца і з Бібліяй як помнікам гісторыі і літаратуры.
 Работа ў дадзеным накірунку арганізавана па блоках – “Мой край: традыцыі і каштоўнасці”, “Праваслаўная культура”, “Праваслаўныя храмы”, “Храмы Лепельшчыны”, “Маральныя якасці асобы” і г.д. Апошняму ўдзяляецца асаблівая ўвага, зважаючы на тое, што школа ёсць не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая ўстанова. І ад таго, якія якасці чалавеку тут будуць закладзены, залежаць далейшае яго развіццё, адукацыя, а, можа, і лёс.
 Цікава праходзяць псіхалагічна-развіццёвыя заняткі “Уменне дараваць”, “Зірні на сябе – параўнай з іншымі”. У класах аформлены куткі праваслаўнай кнігі. Дзеці з задавальненнем чытаюць творы любімага пісьменніка Барыса Ганаго. У пачатковай школе арганізаваны выставы дзіцячай творчасці “Божы свет вачыма дзяцей”, “Свет, створаны для дзяцей”. Стала добрай традыцыяй правядзенне ўрокаў маральнай дабрачыннасці, на якіх частым госцем бывае настаяцель Свята-Праабражэнскага храма іерэй айцец Сергій Ляшкевіч.
 Увогуле ж, дзеці прымаюць актыўны ўдзел не толькі ў школьным жыцці, але і ў раённых мерапрыемствах. Былі ўдзельнікамі раённага фестывалю “Віфлеемская зорка”, сустракаліся з сям’ёй мастакоў Аляксандрам і Марынай Саўчанкамі, знаёміліся з гісторыяй храмаў. Удзельнічаюць у дабрачынных акцыях “Падай руку сябру”, “Насустрач дзіцячым сэрцам” і іншых.
 У трэцім класе ў межах выхаваўчага блока “Мой дом – мая сям’я” прайшлі заняткі “Сям’я – добры сябар”, адбылася традыцыйная гульня “Дарога да вытокаў”. Шмат увагі надаецца і выхаванню гаспадарлівасці, ашчаднасці, працуе “Школа беражлівасці”. Вучні першага класа напісалі “Кнігу добрых спраў”, дзе кожны распавёў пра свае добрыя справы: хтосьці ўдзельнічаў у акцыі “Чысты двор” – наводзіў парадак у школе і дома, хтосьці майстраваў шпакоўні і развешваў кармушкі для птушак.
  Дзеці пазнаёміліся з храмам у Заслонаве і Георгіеўскім храмам на гарадскіх могілках, затым паслухалі расповед пра Георгіеўскі Крыж і поўнага яго кавалера, удзельніка Першай Сусветнай вайны Дамініка Канопку, наведалі магілы герояў Вялікай Айчыннай вайны ў скверы ў цэнтры горада.
 Працуючы над праектам, настаўнікі не забываюць пра самаўдасканаленне: наведваюць адпаведныя выставы ў Мінску, калядныя кірмашы, сустракаліся з пісьменнікам Барысам Ганаго, лаўрэатам прэзідэнцкай прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Летась настаўніца Жанна Карпіцкая ўдзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе матэрыялаў па духоўнаму выхаванню і была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Лепшыя традыцыі ў фарміраванні духоўна-маральнага здароўя”. Яна разам з дырэктарам школы Валянцінай Хацкевіч прыняла актыўны ўдзел у абласным семінары па дадзенай тэматыцы, дзе выступала з абагульненнем вопыту работы школы. Сёлета Жанна Дзмітрыеўна паедзе ў Жыровіцкі манастыр на рэспубліканскі семінар.
 Па традыцыі штогод у школе праводзяцца “Велікодныя чытанні”, на якіх збіраюцца аднадумцы, запрашаюцца прадстаўнікі самых розных зацікаўленых структур, падводзяцца вынікі гадавой працы і абагульняецца вопыт духоўнага выхавання.
 Уладзімір МІХНО.