Дарожная бяспека

6 февраля 2013

Дарожная бяспека

У цэлым дарожная сітуацыя мінулага году ўсяляе аптымізм, па многіх паказчыках замацавалася станоўчая тэндэнцыя. Так, за 2012 год было зафіксавана 19 дарожна-транспартных здарэнняў, для параўнання: за 2011-ы – 26. На дарогах загінулі трое чалавек (у 2011-ым – дзевяць).

У цэлым дарожная сітуацыя мінулага году ўсяляе аптымізм, па многіх паказчыках замацавалася станоўчая тэндэнцыя. Так, за 2012 год было зафіксавана 19 дарожна-транспартных здарэнняў, для параўнання: за 2011-ы – 26. На дарогах загінулі трое чалавек (у 2011-ым – дзевяць). Паранены 24 (27). Па віне асобаў у нецвярозым стане ўчынены пяць аварый (чатыры). 

Статыстычны аналіз дае цікавую інфармацыю да роздуму. Так, з 19 ДТЗ, учыненых на дарогах раёна на працягу мінулага году, 10 адбыліся па віне індывідуальных аўтаўладальнікаў, зарэгістраваных на Лепельшчыне, з іх двое -- матацыклісты. Вінаватымі ў васьмі аварыях сталі індывідуальныя ўладальнікі з іншых рэгіёнаў і адна аварыя – па віне транспартнага сродку, прыналежнага арганізацыі, зарэгістраванай па-за межамі Лепельшчыны. 

 Вельмі істотна на ДТЗ ўплывае вопыт, стаж вадзіцеля. Па віне кіроўцаў са стажам да аднаго года ўчынены дзве аварыі. Яшчэ столькі ж – з кіроўцамі ад году да трох, зноў жа дзве аварыі – вадзіцелі ад трох- да дзесяцігадовага стажу. Астатнія ДТЗ ўчынены па віне вадзіцеляў са стажам больш дзесяці гадоў. 

 Як і ў ранейшыя гады, найбольш аварый учыняецца маладымі людзьмі ва ўзросце да 25 гадоў, летась па іх віне адбыліся пяць аварый. На шчасце, летась не зафіксавана ні аднаго ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў. 

У гэты ж час супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі зафіксаваны 6841 парушэнне правілаў дарожнага руху. Затрыманы 198 вадзіцеляў транспартных сродкаў у стане алкагольнага ап’янення, з іх 15 – паўторна на працягу года. 

 Другая прычына ДТЗ – перавышэнне хуткасці, за мінулы год выяўлена 1415 фактаў. За падобнае парушэнне прадугледжаны вялікі штраф, а за паўторнае на працягу года – можна і правоў пазбавіцца на пэўны час. 

 Выяўлены таксама 246 выпадкаў кіравання транспартнымі сродкамі без правоў. Лепяльчанін Аляксандр Вірыдзінскі ў красавіку 2012 года быў пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання, але гэта не стала для яго перашкодай. За дзевяць месяцаў мужчына паспеў дзесяць разоў трапіць у поле зроку супрацоўнікаў ДАІ за ваджэнне аўтамабіля, што праўда, у цвярозым стане. Інспектары ўжо сталі пазнаваць яго здаля. Агульная сума штрафаў перавысіла 20 мільёнаў рублёў! І пры гэтым малады чалавек нідзе афіцыйна не працуе, якім чынам плаціць будзе – незразумела. 

 За 2012 год да адміністрацыйнай адказнасці, звязанай з парушэннямі правілаў дарожнага руху, прыцягнуты 48 пасадавых асоб.

Аляксандр ТРУСАЎ,
начальнік АДАІ РАУС,
маёр міліцыі.