Добраўпарадкаванне  - важны аспект

7 июня 2012

Добраўпарадкаванне - важны аспект

 Галоўны спецыяліст Лепельскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Любоў Трахаўцова ў сваім выступленні на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў расказала аб стане і мерах па паляпшэнню экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі Каменскага сельсавета.

 За апошнія гады ў сельсавеце адбыліся значныя станоўчыя змяненні. У населеных пунктах стала больш парадку, землі, прылеглыя да населеных пунктаў, сталі чысцейшыя. Адбыліся змены да лепшага і ва ўсведамленні людзей, іх інфармаванасць, адносіны да пытанняў захавання навакольнага асяроддзя і навядзення парадку на зямлі.

 На тэрыторыі сельсавета размешчана значная колькасць паверхневых водных аб’ектаў - азёры Бабча, Неграза, Дзявочае, Школьнае, Чаросава, Кабак, Ладасна і іншыя. У водаахоўных зонах размешчаны малочнатаварныя фермы - у аграгарадку Чарэйшчына (водная зона ручая Уліцінкі), у вёсцы Бабча (водная зона возера Баба), у вёсцы Кабак (возера Кабак), у вёсцы Мягелі (водная зона ручая без назвы) і цялятнік у вёсцы Курмялёўка (водная зона возера Ладасна). У ходзе рэйдавых абследаванняў устаноўлена наяўнасць невывезенай арганікі на МТФ у населеных пунктах Мягелі, Курмялёўка, Кабак (ААТ “Ладасна”), МТФ у аграгарадку Чарэйшчына (ААТ “Чарэйшчына”), што з’яўляецца парушэннем артыкулаў 72 і 77 Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Большая частка населеных пунктаў сельсавета забяспечваецца пітной вадой з падземных крыніц водазабеспячэння - 13 артэзіянскіх свідравін, з іх 12 –- на балансе КУВП “Бароўка”, адна –- у веданні ААТ “Чарэйшчына”. Яна выкарыстоўваецца для водазабеспячэння жывёлагадоўчай фермы ў вёсцы Забароўе. На артэзіянскіх свідравінах, якія знаходзяцца на балансе КУВП “Бароўка”, патрабаванні прыродааахоўнага заканадаўства выконваюцца ў поўным аб’ёме (ёсць пашпарты, распрацаваны праекты зон санітарнай аховы, зоны строгага рэжыму абгароджаны). На артэзіянскай свідравіне на ферме у Забароўі ААТ “Чарэйшчына” агароджа паламана, адсутнічаюць праекты зон санітарнай аховы. Акрамя таго, на тэрыторыі сельсавета размешчаны шэсць артэзіянскіх свідравін, якія не дзейнічаюць (дзве –- у Забароўі, а таксама ў Чарэйшчыне, Пясках, Парэччы і Мягелі). Ліквідацыйны тампанаж свідравін не выкананы, а гэта стварае рэальную пагрозу забруджвання падземных ваданосных гарызонтаў.

 Ачышчальныя збудаванні каналізацыі ёсць у Камені, Двор Бабчы, Чарэйшчыне, Забароўі, Бабчы і Губіне. У сувязі з працяглай эксплуатацыяй іх большая частка патрабуе рэканструкцыі і капітальнага рамонту.
На тэрыторыі сельсавета ёсць адзін унутрыгаспадарчы кар’ер “Губіна”, адведзены ў карыстанне сялянска-фермерскай гаспадаркай “Паземшчына” рашэннем райвыканкама з тэрмінам звароту і рэкультывацыі парушаных земляў. Межы кар’ера не вынесены ў натуру, адсутнічае інфармацыйны аншлаг, глыбіня распрацоўкі кар’ера больш за два метры, што з’яўляецца парушэннем артыкула 17 Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 Усяго дзейнічае тры міні-палігоны для цвёрдых бытавых адходаў у Камені, Губіне і Забароўі. Усе яны знаходзяцца на балансе КУВП “Бароўка”. Тэрыторыя да міні-палігона ў вёсцы Губіна была захламлена смеццем, адходы не складзены ў бурты.

 Практычна ўсе населеныя пункты сельсавета ахоплены кантэйнерным зборам смецця, які праводзіцца КУВП “Бароўка” ў адпаведнасці з зацверджаным графікам. КУВП “Бароўка” распрацаваны графік руху транспарта па населеных пунктах з мэтай вывазу буйнагабарытных адходаў.
Сельскагаспадарчым прадпрыемствам неабходна ўдзяляць больш увагі рабоце са смеццем, паколькі тэрыторыя, якая прылягае да механізаванага двара ў аграгарадку Чарэйшчына, паўсюдна забруджана. У некаторых месцах несанкцыянавана размешчаны будаўнічыя адходы, металалом, зношаныя аўтамабільныя шыны. На тэрыторыі механізаванага двара ў вёсцы Губіна сялянска-фермерскай гаспадаркі “Паземшчына” неўпарадкавана размяшчаюцца металалом і зношаныя аўтамабільныя шыны. Спецыяльныя пляцоўкі для іх збору і захоўвання адсутнічаюць.

 На землях ААТ “Чарэйшчына” ёсць папуляцыі баршчавіка Сасноўскага, які адносіцца да відаў дзікарослых раслін, што аказваюць шкоднае ўздзеянне і (або) ўяўляюць пагрозу біялагічнай разнастайнасці, жыццю і здароўю грамадзян. Патрэбна планамерная работа па знішчэнню гэтай дзікарослай расліны, але барацьба з баршчавіком зводзіцца толькі да яго абкошвання.

 Для паляпшэння экалагічнай абстаноўкі і навядзення належнага парадку на падведамаснай тэрыторыі Каменскаму сельскаму выканаўчаму камітэту трэба задзейнічаць усе рэзервы і магчымасці, аказваць большы ўплыў на суб’екты гаспадарання, размешчаныя на падведамаснай тэрыторыі.
На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў былі разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні, па кожнаму з якіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ