Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

18 февраля 2013

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Полымем Афганістана былі апалены дзясяткі юначых душ ураджэнцаў лепельскай зямлі, васьмёра з іх згарэлі ў тым полымі. Удзячныя землякі робяць шмат для ўвекавечання іх памяці, дзеля таго, каб далейшыя пакаленні памяталі аб тых трагічных падзеях і не дапусцілі іх паўтарэння.

Полымем Афганістана былі апалены дзясяткі юначых душ ураджэнцаў лепельскай зямлі, васьмёра з іх згарэлі ў тым полымі. Удзячныя землякі робяць шмат для ўвекавечання іх памяці, дзеля таго, каб далейшыя пакаленні памяталі аб тых трагічных падзеях і не дапусцілі іх паўтарэння.

 У розных месцах раёна ўзведзены памятныя знакі, рэгулярна праводзіцца баскетбольны турнір імя Ігара Салаўёва, які загінуў у гарах Афганістана. Адна з вуліц горада носіць яго імя, другой вуліцы прысвоена імя малодшага сяржанта Ігара Нападоўскага. Ёсць намер працягваць гэту добрую традыцыю і называць новыя вуліцы імёнамі хлопцаў, якія загінулі на той вайне. Штогадова ветэраны-афганцы збіраюцца ля памятнага знака загінулым баявым таварышам, каб ушанаваць іх памяць. 

 Ветэраны афганскай вайны рэгулярна сустракаюцца з моладдзю ў школах, дзяржпрафліцэі, каледжы, распавядаюць пра падзеі больш як 20-гадовай даўніны. 

Асобны накірунак працы – падтрыманне сувязі з роднымі і блізкімі загінуўшых. Не так даўно ветэраны наладзілі стасункі з сястрой Уладзіміра Садоўскага Вольгай Дзёмка. Воін-інтэрнацыяналіст пахаваны на малой радзіме ў Велеўшчыне. Вольга прыехала праведаць пахаванне. 

Спачатку была наладжана сустрэча з вучнямі Слабадской сярэдняй школы-сада. Паглядзелі дакументальны дыяфільм пра падзеі афганскай вайны. Фатаграфіі з сямейных архіваў ветэранаў-афганцаў красамоўна распавядаюць пра вайну, побыт, асаблівасці ўзаемаадносін. Вольга Іванаўна расказала пра брата, як ён вучыўся ў Велеўшчынскай базавай школе, Лепельскім гідрамеліярацыйным тэхнікуме. У лістападзе 1984 года, калі надыйшла пара прызывацца, Уладзімір не стаў хавацца за спінамі іншых, а сумленна прызваўся на службу, трапіў у далёкую краіну на вайну. Служыў сапёрам у мотастралковай часці.

 Ветэраны таксама расказалі школьнікам пра ўдзел у той вайне, пра ўрокі, якія яна дала на ўсё астатняе жыццё, высновы, якія прымушае рабіць сёння. Будучыя абаронцы Айчыны на наглядным прыкладзе могуць пазнаёміцца з такімі малавядомымі пакуль для іх паняццямі, як баявое братэрства, узаемавыручка і пачуццё локця на вайне, воля да перамогі. 

 Выхаванцы Слабадской школы разам са сваім настаўнікам гісторыі Валерыем Тухтам праводзяць вялікую краязнаўчую работу. Разам яны наведваюць сем’і воінаў-інтэрнацыяналістаў, запісваюць іх успаміны. Гэта вельмі важна, асабліва для падрастаючага пакалення, якое, на шчасце, даведваецца пра жахі вайны толькі такім чынам. А той, хто ведае, якой страшнай бывае вайна, зробіць усё магчымае, каб яна не паўтарылася.

 Падтрымаць жанчыну паехалі воіны-інтэрнацыяналісты Міхаіл Тарасаў, Сяргей Крывель, Валерый Васілеўскі, работнік ваенкамата маёр Аляксей Еўстаф’еў. Разам з вучнямі Слабадской сярэдняй школы-сада аддалі даніну памяці і павагі, усклалі вянок і пунсовыя гваздзікі да апошняга прытулку воіна-інтэрнацыяналіста. 

 Сёлета актывісты раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў зрабілі мемарыяльную дошку, на якой пералічаны ўсе землякі, якія загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага воінскага абавязку. Устаноўлены памятны знак ля будынка ваенкамата.

 Ёсць меркаванне далей развіць ідэю захавання памяці пра загінуўшых герояў. За БТРам, што стаіць перад будынкам ваеннага камісарыята, размешчаны газон. Адна з прапаноў – зрабіць там алею герояў. На стэндах былі б змешчаны фотаздымкі ураджэнцаў Лепельшчыны, якія загінулі ў Афганістане, праявілі сябе ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у мірнай працы. Побач з фота змясціць кароткія біяграфіі, апісанні подзвігаў, пералічыць дзяржаўныя ўзнагароды. Улічваючы, што побач знаходзіцца аграрна-тэхнічны каледж, алея стала б значным звяном у ланцужку патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Васіль МАТЫРКА.
 На здымку: ветэраны-афганцы і Вольга Дзёмка.
Фота аўтара.