Годная змена тысячнікаў

26 августа 2013

Годная змена тысячнікаў

У атрадзе тысячнікаў – папаўненне. Знакавую вытворчую планку – тысячу тон намалочанага зерня -- пераадолелі экіпажы Руслана Грабавенкі і Андрэя Кулакова з ААТ “Чарэйшчына” і Сяргея Касцюковіча і Аляксандра Місніка з СВФ “Заазер’е”.

У атрадзе тысячнікаў – папаўненне. Знакавую вытворчую планку – тысячу тон намалочанага зерня -- пераадолелі экіпажы Руслана Грабавенкі і Андрэя Кулакова з ААТ “Чарэйшчына” і Сяргея Касцюковіча і Аляксандра Місніка з СВФ “Заазер’е”.

Экіпажы ў час жніва ішлі амаль паралельна, разрыў паміж імі налічваў не больш дзесяці – пятнаццаці тон. Заазерскія камбайнеры хацелі ў апошнія дні паднаціснуць, але не вытрымала тэхніка, на паўдня камбайн выйшаў са строю.

Начальнік райсельгасхарчу Васіль Чарэднік, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч і аўтар гэтых радкоў пабывалі ў Чарэйшчыне на мехдвары. На 19 жніўня гаспадарка завяршыла ўборку збожжавых, тэхніка накіравана на абмалот прысядзібных участкаў.

Яшчэ ў мінулым годзе Руслан Грабавенка паказаў сябе з самага лепшага боку, стаў тысячнікам, радуе, што і сёлета не знізіў планку.

Павіншаваць гвардзейцаў жніва сабраліся амаль усе, хто быў на той час на мехдвары. Граматы, прэмія, падарункі ад прафсаюза... Уся справа заняла не больш пятнаццаці хвілін, пасля чаго кожны працягваў займацца сваёй працай.

А працы ў вяскоўцаў багата. Пасля завяршэння абмалоту зерневых расслабляцца не даводзіцца. Неўзабаве пачынаецца ўборка яравога рапсу, кукурузы на сілас. І самае важнае – сяўба азімых збожжавых – закладка асновы ўраджаю будучага года...

Далей дарога ляжала ў СВФ “Заазер’е”, там за вёскай Ізабеліна камбайны дажыналі чарговы палетак.

Увогуле, філіял можна лічыць кузняй рэкордаў. Так, летась у гаспадарцы чатыры экіпажы сталі тысячнікамі, сёлета першыя тысячнікі – таксама іх, экіпаж Пятра Духовіча і Артура Ляйко.

Вось два камбайны наблізіліся да ўскрайку поля. На адным з іх працуюць Сяргей Касцюковіч і Аляксандр Міснік. Адразу звярнуў увагу, што тэхніка не новая, працуе на палетках з 2007 года. Вельмі парадавала, што хлопцы не толькі выдатныя камбайнеры, а і талковыя тэхнікі – так навесці старую машыну, падтрымліваць яе ў працоўным стане, каб яна яшчэ была здольная на рэкорды.

Да прыезду сюды мы пабывалі ў “Чарэйшчыне”, віншавалі таксама тысячніка. Вельмі парадавала мяне тое, што абодва перадавыя экіпажы – маладыя людзі. Малайцы, хлопцы! Вось найлепшы прыклад для пераймання і імкнення. Сёлетні год не самы ўраджайны. Жадаю, каб у наступным годзе ўсе экіпажы сталі тысячнікамі!

Акрамя грамат і прэмій райвыканкама гвардзейцам жніва ўручылі прэміі ад ААТ “Лепельскі МКК”.

Таксама яшчэ адзін экіпаж з СВФ “Заазер’е” ў складзе Уладзіміра Стадніка і Юрыя Хараненкі намалаціў тысячу тон збожжа. Віншуем перадавікоў!

Васіль МАТЫРКА.

На здымках: уручэнне падарункаў.
Фота аўтара.