Гораду –  узорны парадак

21 марта 2012

Гораду – узорны парадак

 Зараз у стадыі распрацоўкі мерапрыемствы па добраўпарадкаванню Лепеля, прымеркаваныя да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 2012 года, а таксама і да Дня горада, які традыцыйна будзе адзначацца ў верасні. Сёлета такія работы будуць ажыццяўляцца ва ўмовах вельмі абмежаваных фінансавых магчымасцей.

 І, тым не менш, мяркуецца правесці добраўпарадкаванне ўчастка вуліцы Карла Маркса, які цягнецца ад вуліцы Інтэрнацыянальнай і да плошчы Свабоды, з абуладкаваннем у асобных месцах уздоўж тратуараў газонаў з кветкамі, выразкай старых дрэў і пасадкай замест іх новых, пераважна каштанаў. Тут будуць абнаўляцца бардзюры тратуараў, укладвацца пліткай пешаходныя дарожкі. Аналагічныя работы плануецца выканаць і на участку вуліцы Данукалава, які ідзе ад плошчы Свабоды да вуліцы Будзёнага.
Мяркуецца завяршыць устаноўку тратуара па вуліцы Барысаўскі тракт (ад вуліцы Чапаева да вуліцы Чуйкова). Будуць працягнуты работы па пашырэнню і абуладкаванню тратуараў па вуліцы Максіма Горкага.

 Неабходная ўвага будзе нададзена навядзенню належнага парадку ў зоне адпачынку ля возера Святое, узвядзенню дадатковай колькасці альтанак, іншых малых архітэктурных форм, рамонту старых, раней устаноўленых малых драўляных пабудоў, прызначаных для адпачынку лепяльчан і гасцей нашага горада, дзе можна пасядзець, пагутарыць, цікава правесці свой вольны час. Наспела неабходнасць палепшыць добраўпарадкаванне і гарадскога пляжа, асабліва наўкол посту таварыства выратавання на водах.

 І, пасля таго, як вясна поўнасцю ўступіць у свае правы, растануць снег і лёд, установіцца па-сапраўднаму цёплае надвор’е, будуць праведзены работы па ямачнаму рамонту асфальтаванага пакрыцця вуліц горада з завяршэннем добраўпарадкавання, напрыклад, вуліцы Школьнай і прылеглых да яе дваровых тэрыторый.

Аляксандр ШЫДЛОЎСКІ,
намеснік старшыні райвыканкама