…І фашыны з лазы

23 марта 2012

…І фашыны з лазы

Сёлета меліяратарам належыць павялічыць сельгасугоддзі раёна на 342 гектары. Будуць рэканструяваныя раней меліяраваныя плошчы у сельгаспрадпрыемстве “Пражэктар” (134 гектары), меліярацыйныя аб’екты “Стаі” (136 гектараў) і “Калініна” (72 гектары) у сельгасфіліяле “Заазер’е”. На 179 гектарах будзе праведзена аграмеліярацыя. Яна ўключае ліквідацыю вымачак, хмызу, рамонт сістэм каналаў і дрэнажу, апрацоўку зямлі перад здачай спажыўцам.

Асобна будзе адрамантавана 15 кіламетраў каналаў паблізу вёсак Шубнікі, Пагарэлае, Горкі, Свядзіца, Марозава Слабодка.
*   *   *
138-гектарны меліярацыйны аб’ект “Будаўніцтва меліярацыйнай сістэмы СГФ “Заазер’е” знаходзіцца за робатызаванай  фермай “Юркоўшчына”.

З альховых галін і лазовых дубцоў вяжуць фашыны, якія служаць паскаральнікамі фільтрацыі вады (фільтрамі-паглынальнікамі) для фільтрацыйных вокнаў над дрэнажом. Так што з балотнай расліннасці не выкарыстоўваюцца хіба што карчы, якія карчуюць Віталь Пліско на трактары Т-130, а ў найбольш забалочаных лагчынах, дзе трактар можа праваліцца – Алег Кузняцоў і Алег Алецкі на японскім экскаватары “Камацу”. Дровы адвозяць на “Беларусах” Уладзімір Гайко і Леанід Міснік.

А з надыходам устойлівага цяпла возьмуцца за ператрасанне карчоў, разбіванне кавальераў (выцягнутай з каналаў зямлі), укладку дрэнажу, даводку каналаў, падсеў адхонаў, уладкаванне лагчын для паскарэння паверхневага сцёку вады, упарадкаванне вусцяў, агратэхнічную апрацоўку меліяраванай плошчы. Аб’ект здадуць у 2013 годзе.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
Фота аўтара

На здымку: фашыну вяжуць Аляксандр Шаўцоў, Вікторыя Пліско, Дзмітрый Макераў, Алег Азаронак.