І словам, і справай

27 декабря 2011

І словам, і справай

Практычныя заняткі з ідэалагічнымі кадрамі прадпрыемстваў і арганізацый раёна прайшлі ў Бароўцы на базе КУП ДРАЦ “Жамчужына”. У дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры пазнаёмілі гасцей з шырокім спектрам паслуг медыцынскага і аздараўленчага характару, якія аказваюцца тут дзецям з рэгіёнаў Беларусі, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Адначасова тут узнаўляюць сілы і вучацца ў сярэдняй школе амаль паўтысячы дзяцей. Курс рэабілітацыі разлічаны на 24 дні. На школьныя канікулы, у святочныя дні і пры іншых магчымасцях свабодныя памяшканні прадастаўляюцца для аздараўлення ўсім жадаючым, у тым ліку і дарослым. Людзі прыязджаюць сюды цэлымі сем’ямі не толькі з усёй Беларусі, але і з Расіі. За конт аказання разнастайных платных паслуг, у тым ліку медыцынскіх, КУП ДРАЦ “Жамчужына” працуе на гаспадарчым разліку, не выкарыстоўвае бюджэтныя сродкі для аплаты працы сваіх работнікаў.

Аб усім гэтым падрабязна расказала дырэктар прадпрыемства Вера Закрэўская. Яна правяла невялікую экскурсію па карпусах “Жамчужыны”. З цікавасцю азнаёміліся прадстаўнікі ідэалагічнага актыву раёна таксама са стэндамі нагляднай агітацыі, інфармацыйным афармленнем паўсядзённай дзейнасці працоўнага калектыву, праводзімай тут разнастайнай рэабілітацыйна-аздараўленчай работай.

Незабыўнае ўражанне пакінула наведанне кабінета ідэалогіі беларускай дзяржавы, яго з густамі аформленыя стэнды, іх інфармацыйная насычанасць і дасціпнасць у падачы матэрыялу.

У актавай зале КУП ДРАЦ “Жамчужына” адбылася пленарная частка вучобы. З прывітальным словам звярнуўся да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Асаблівую цікавасць выклікаў напрацаваны вопыт не толькі правядзення ідэалагічнай работы, але і афармлення дакументаў аб зробленым на дадзеным прадпрыемстве, КУВП “Бароўка” і КУВСГП “Баброва”.

Усебаковы аналіз дзейнасці ідэалагічных кадраў раёна зрабіў начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ігар Урбан.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУП ДРАЦ “Жамчужына” Наталля Галыня акцэнтавала ўвагу на неабходнасці стварэння аптымальных умоў працы і адпачынку, аказання сацыяльнай падтрымкі працуючым як важным фактары сацыяльна-эканамічнага развіцця арганізацыі.

Аб папярэдніх выніках ведамаснай і індывідуальнай падпіскі на перыядычныя выданні на першы квартал 2012 года праінфармаваў начальнік раённага вузла паштовай сувязі Пётр Жарнасек.

Аб святкаванні 25-годдзя стварэння раённай ветэранскай арганізацыі, цесным узаемадзеянні людзей сталага ўзросту з ідэалагічным актывам раёна, плённым супрацоўніцтве з раённай газетай “Лепельскі край”, іншымі сродкамі масавай інфармацыі распавёў у сваім выступленні старшыня гэтай грамадскай арганізацыі Павел Ханяк.

У заключэнне для ідэалагічных кадраў раёна быў дадзены канцэрт мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваны супрацоўнікамі КУП ДРАЦ “Жамчужына.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ