“Колас” набірае голас

15 сентября 2011

“Колас” набірае голас

Сёлета ўпершыню праводзілася першынство Віцебскай вобласці па футболу сярод сельскіх спартсменаў на прызы клуба “Колас”. У іх прынялі ўдзел 24 каманды, якія былі падзелены на чатыры падгрупы. Пераможцы кожнай з іх атрымоўвалі ганаровае права выйсці ў фінал спаборніцтваў. Вострая спартыўная барацьба адной з падгруп разгарнулася ў Лепелі на гарадскім стадыёне. Тут памерыліся сіламі пяць каманд: Верхнядзвінскага, Ушацкага, Бешанковіцкага, Чашніцкага і Лепельскага раёнаў.

 Спартыўны гонар нашага краю абараняла каманда КУВП “Бароўка”, якую рыхтавалі да выступлення ў матчах першынства трэнеры раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Віктар Мацюшэнка і Аляксандр Прыцкер.

 Лепяльчане сталі пераможцамі занальных спаборніцтваў у сваёй падгрупе, заваявалі ганаровае права пазмагацца ў фінале гэтага прэстыжнага турніру. Фінальныя гульні прайшлі на стадыёне аграгарадка Ноўка, што пад Віцебскам. Нашымі сапернікамі сталі футбалісты Віцебскага, Аршанскага і Глыбоцкага раёнаў.

 Сустрэчы ў фінале насілі вельмі востры характар. Слабых каманд не было, перавага ў ліку пры ўпартым спартыўным супрацьстаянні на працягу ўсіх матчаў не перавышала аднаго забітага мяча. Перамога дасягалася перш за ўсё за лік максімальнай самааддачы ігракоў, праяўленай імі кемлівасці, творчай ініцыятывы, высокага спартыўнага майстэрства. Важнейшае значэнне мела і захоўванне строгай дысцыпліны на футбольным полі, дакладнага выканання трэнерскіх даручэнняў. На жаль, у адным з момантаў у час рашаючай гульні з камандай Віцебскага раёна ў нашага варатара крыху прытупілася пільнасць і гэтага аказалася дастаткова, каб даволі дальні, але вельмі трапны, дакладны ўдар нападаючага сапернікаў дасягнуў мэты, мяч аказаўся ў сетцы нашых варот. Сваю мінімальную перавагу футбалісты Віцебскага раёна змаглі ўтрымаць да канца матча.

 Пасля гэтай гульні нашыя спартсмены сустрэліся з вяскоўцамі Глыбоччыны ў барацьбе за трэцяе месца. Матч завяршыўся на карысць лепяльчан з лікам 1 : 0. Гол з пенальці забіў капітан каманды Раман Хаменка, які па амплуа з’яўляецца абаронцам, але ніколі не цураўся і актыўных дзеянняў у нападзенні. Не выпадкова таму ён прызнаны лепшым іграком у нашай камандзе на гэтым першынстве. Сваю добрую лепту ў тое, што прадстаўнікі Лепельшчыны сталі трэцімі ў выніковай турнірнай табліцы ў змаганні за прызы клуба “Колас”, унеслі і нападаючыя Сяргей Носік, Яўген Добыш і іншыя нашыя рабяты.

 А прадстаўляць Прыдзвінскі край на рэспубліканскім першынстве па футболу на прызы клуба “Колас”, якое пройдзе ў Маладзечне на сёлетніх “Дажынках”, будзе футбольная дружына Віцебскага раёна, якая ў матчы за першае месца перамагла аматараў спорту Аршанскага раёна.

Мікалай ГАРБАЧОЎ