Край прыродных багаццяў

8 июля 2013

Край прыродных багаццяў

 “Лепельшчына, непаўторны блакітнавокі край, цудоўная жамчужынка ў прыгожых каралях Віцебшчыны”, - захапляюцца прыгажосцю нашага краю шматлікія турысты, і гэта не дзіўна. Літаральна з усіх бакоў наш край акружаюць прыгожыя азёры, хвойныя лясы, якія прыцягваюць шматлікіх гасцей. Асаблівая ўвага развіццю турыстычнага бізнэсу ўдзяляецца ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Лепельскі лясгас”. 

 - У вядзенні лясгаса - 93 тысячы 19 гектараў угддзяў, у тым ліку па Лепельскім раёне - 53 тысячы 738, - расказвае начальнік аддзела лясной гаспадаркі ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Андрэй Старынскі. - 36 тысяч 215 гектараў займаюць лясы першай групы, а менавіта лесапаркавыя часткі зялёных зон, палосы ўздоўж дарог, рэк і азёр, аўтамабільных дарог мясцовага і рэспубліканскага значэнняў, чыгуначных шляхоў і г.д. Вельмі папулярны сярод турыстаў маршрут “Экалагічная сцяжына”. Першы пункт маршрута - Домік паляўнічага, размешчаны на ўзбярэжжы возера Доўгае, што на тэрыторыі Заазерскага лясніцтва. Другі пункт маршрута - вальер для ўтрымання дзікіх жывёл плошчай сто гектараў на тэрыторыі Стайскага лясніцтва, дзе налічваецца 80 асобін ланяў і дзесяць - аленяў. Не меншую цікавасць у турыстаў выклікае знаёмства з Бярэзінскай воднай сімстэмай. Гонар нашага раёна - Цар-дуб, які расце ў вёсцы Тадуліна.  Дзейнасць у сферы турызму прыносіць ДЛГУ “Лепельскі лясгас” немалы даход. За мінулы год за пражыванне ў Доміку паляўнічага зароблена 85 мільёнаў рублёў, за пяць месяцаў бягучага – 50 мільёнаў.

 - Мяркую, што не толькі замежныя турысты, а і мясцовыя жыхары з задавальненнем змогуць адпачыць у дэндрапарку…

 - Дэндрапарк быў закладзены ў 2001 годзе, а яго плошча складае 6, 5 гектараў. Калісьці гэта быў выпрацаваны гліняны кар’ер, затым некаторы час на гэтым месцы была паша. На тэрыторыі парка ёсць чатыры сажалкі, дзве альтанкі, дзесяць лавачак, ёсць больш за 70 відаў дэкаратыўнай расліннасці і больш за дзве тысячы раслін. У асноўным тут высаджаны расліны, уласцівыя для Беларусі, а таксама тыя, якія перспектыўныя ў зялёным будаўніцтве.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ