Лепельская лыжня

18 марта 2011

Лепельская лыжня

 “Лепельская лыжня-2011” сабрала на снежных прасторах возера Лепельскае насупраць гарадскога парку сотні аматараў здаровага ладу жыцця. На старт выйшлі каманды прадпрыемстваў і арганізацый, навучальных устаноў. Выяўляліся мацнейшыя лыжнікі і ў асабістым заліку.

 З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей свята звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін. Ён пажадаў усім прысутным і надалей сябраваць са спортам, быць заўсёды здаровымі і жыццярадаснымі.

 Спачатку памерыліся сіламі ў лыжнай эстафеце каманды прадпрыемстваў і арганізацый. Кожная спартыўная дружына складалася з пяці чалавек. Мужчыны пераадольвалі дыстанцыю ў адну тысячу метраў, жанчыны – 500 метраў. У спецыяльным дзесяцімятровым “калідоры” адбывалася перадача эстафеты ад аднаго спартсмена да другога. Калі фінішавалі ўсе дарослыя ўдзельнікі спаборніцтваў, шпарка рушылі наперад прадстаўнікі навучальных устаноў, каманды якіх складаліся з трох юнакоў і двух дзяўчат. Яны змагаліся за перамогу на тых жа дыстанцыях, што і дарослыя спартсмены.

 Асобна былі арганізаваны старты лыжнікаў, якія вялі барацьбу ў асабістым заліку. У спартыўным саперніцтве тут маглі прыняць удзел усе жадаючыя. Разыгрывалася першынство ва ўзроставых групах: да 30 гадоў, ад 31 да 50 гадоў, і сярод аматараў спорту ад 51 года і старэй. Спаборнічалі на дыстанцыях: мужчыны – ў адну тысячу метраў, жанчыны – 500 метраў.

 Сярод прадпрыемстваў і арганізацый першымі былі на фінішы фізкультурнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. У склад каманды-пераможцы ўваходзілі Аляксандр Аношка, Валерыя Бабенка, Таццяна Белаглазава, Аляксандр Латушкін і Аляксей Цялятка. Другое месца заняла ў лыжнай эстафеце спартыўная дружына “Энергетык”, якая складалася з работнікаў раёна электрасетак, энерганагляду, іншых энергетычных арганізацый. Трэці радок у турнірнай табліцы спаборніцтваў заваявалі аматары спорту малочнакансервавага камбіната.

 Сапраўдныя байцоўскія якасці прадэманстравалі прадстаўнікі навучальных устаноў. Юным спартсменам не перашкодзіў нават моцны заходні вецер, які, здавалася, пранізваў наскрозь сваёй марознай сцюжай, перахопліваў дыханне, раптоўнымі парывамі спрабаваў збіць з ног. Аднак дарэмна. Лыжнікі ўпарта рухаліся наперад. У выніку агульнакамандную перамогу тут атрымала Новавалосавіцкая сярэдняя школа, другое месца занялі прадстаўнікі Лепельскага дзяржпрафліцэя, трэцяе – Стайскай СШ.

 Не менш напружаным было спартыўнае саперніцтва і ў асабістым заліку. Ва ўзроставай групе да 30 гадоў сярод мужчын перамог Аляксандр Рабцэвіч, сярод жанчын -- Святлана Спірыдонава. А сярод тых, хто выйшаў на старт лыжнай гонкі ва ўзросце ад 31 да 50 гадоў, не аказалася такіх, якія б змаглі супрацьстаяць мужчынскаму напору і волі да перамогі Алега Бохана, а таксама жаночаму спрыту і кемлівасці Ларысы Стайновай.
Асаблівую цікавасць выклікала спартыўнае саперніцтва лыжнікаў, якія перасягнулі паўвекавы ўзроставы рубеж. Першым сярод мужчын тут фінішаваў Эдуард Акулевіч, а лепшай сярод жанчын стала Лідзія Якубоўская.

 Пераможцы і прызёры фізкультурна-спартыўнага свята “Лепельская лыжня-2011” ў агульнакамандным і асабістым заліках былі ўзнагароджаны Дыпломамі аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама і Кубкамі. Памятнымі прызамі і Дыпломамі аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама былі адзначаны самыя старэйшыя па ўзросту ўдзельнікі спаборніцтваў Ала Жалейка і Аляксандр Кулакоў.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ
Фота аўтара

 На здымках: упартая барацьба ішла паміж спартсменамі на лыжнай дыстанцыі; дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Павел Занько ўручае Дыплом і Кубак Святлане Спірыдонавай -- пераможцы ў асабстым заліку спаборніцтваў сярод жанчын ва ўзросце да 30 гадоў; першае месца сярод каманд прадпрыемстваў і арганізацый занялі прадстаўнікі РАУС.