Лепельскія лялькі — лепшыя ў рэспубліцы

3 ноября 2016

Лепельскія лялькі — лепшыя ў рэспубліцы

Лепельскі раённы краязнаўчы музей сёлета ў чарговы раз праславіў Лепельшчыну на III Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі", які праходзіў у Магілёве.

Лепельскі раённы краязнаўчы музей сёлета ў чарговы раз праславіў Лепельшчыну на III Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі", які праходзіў у Магілёве. У II Нацыянальным форуме раённы краязнаўчы музей быў узнагароджаны Дыпломам "За ўдзел у намінацыі "Лепшая партнёрская дзейнасць". Сёлета ж музей атрымаў узнагароду ў намінацыі "Лепшы сувенірны друкаваны прадукт рэгіянальнага музея". Удзел у форуме прынялі 120 музеяў з усёй Беларусі.

Конкурс у рамках форуму праводзіўся ўстановай "Музей "Замкавы комплекс "Мір". Работнікі Лепельскага раённага краязнаўчага музея прадставілі на конкурс серыю сувеніраў "Народная лялька-мотанка".

У даўнія часы ва ўсіх вёсках існавала традыцыя рабіць лялькі з тканіны, пры гэтым кожная з іх мела адпаведны сімвал. Называліся яны лялькамі-спавіванкамі. Перад тым як стварыць серыю лялек, мы працяглы час вывучалі спецыяльную літаратуру. Так, сувенір "Падарожніца" ўяўляе сабой зацур для ўсіх вандроўнікаў і аўтааматараў. "Скарбніца-зёлачніца", напоўненая духмянымі лекамі і зёлкамі, абараняе хаты ад хвароб. "Вяснянка" сімвалізуе маладосць і хараство. Сувенір "Дзень і ноч" ставіцца на акно. Удзень у акно лялька выстаўляецца светлым бокам, а на ноч — цёмным. Такім чынам яна аберагае жыллё. Лялька "На шчасце" ўвасабляе жаночае шчасце. "Капустачка" ў выглядзе замужняй кабеты, апранутай у мноства спадніц, сімвалізуе жаночае здароўе. Лялька "На ўдалае замужжа" дапамагае ў прыцягненні жаніха… Над стварэннем лялек працавалі работнікі музея Наталля Шарстук і Анастасія Нядбальская. Усяго да конкурсу было выраблена дзевяць сувеніраў.

Лялькі, апранутыя ў рознакаляровыя сукенкі, уразілі шматлікіх гледачоў. Госці свята з цікавасцю разглядалі самаробныя творы, даведваліся аб ідэі іх стварэння.

Акрамя прадстаўленых сувеніраў работнікі музея падрыхтавалі для ўсіх гасцей шэраг запамінальных конкурсаў. Дарослыя і дзеці з задавальненнем збіралі пазлы на карціны вядомага лепельскага мастака Васіля Жарнасека.

Акрамя прыгожых лялек работнікі раённага краязнаўчага музея прынялі ўдзел і ў конкурсным праекце на лепшае музейнае выданне, дзе прадставілі гістарычны нарыс "Лепельскае мінамётнае вучылішча. 1941 год".

Па выніках конкурсу работнікі музея ўзнагароджаны ў намінацыі "Народная лялька-мотанка". Разам з Дыпломам яны атрымалі ў падарунак тэлевізійную ўстаноўку.

Наперадзе ў работнікаў музея шмат цікавых ідэй і задум, якія, упэўнена, абавязкова будуць адзначаны ў шэрагу прэстыжных конкурсаў.