Лепш працуем – лепш жывём

17 ноября 2011

Лепш працуем – лепш жывём

Праца старшыні райвыканкама звязана з пастаяннымі сустрэчамі з людзьмі, вырашэннем канкрэтных жыццёвых і вытворчых задач. Асаблівая ўвага надаецца стану спраў у аграгарадках, іншых населеных пунктах раёна, павелічэнню вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, росту матэрыяльнага дабрабыту вяскоўцаў. У апошні час Пётр Шыкшнян сустрэўся з калектывамі ААТ “Чарэйшчына”, КУВСГП “Баброва”, жыхарамі Баброўскага сельсавета. Пётр Генрыхавіч расказаў аб тым, што сёлета ў раёне забяспечаны значны рост ураджайнасці збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых культур, паспяхова сабраны ўраджай, назапашана дастатковая колькасць кармоў на перыяд стойлавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы, зроблены надзейны падмурак для далейшага павелічэння вытворчасці малака і мяса. Напрыклад, поўнасцю вырашальнай бачыцца задача надаіць за 2011 год у сярэднім ад кожнай каровы па 4800 кілаграмаў малака. Гэта гарантуе атрыманне сельскімі працаўнікамі стабільнага і дастойнага заробку.

 У ходзе ажыўленага дыялогу жыхары аграгарадкоў Чарэйшчына і Баброва прасілі паспрыяць падвядзенню ў гэтыя населеныя пункты прыроднага газу. Як патлумачыў Пётр Шыкшнян, цэнтральны газаправод ідзе вельмі далёка ад гэтых паселішчаў, таму вырашыць узнятую праблему пакуль немагчыма. Патрэбы сельскага насельніцтва ў звадкаваным газе РВУ “Лепельрайгаз” забяспечвае ў поўным аб’ёме.
 Не задавальняе вяскоўцаў і якасць водаправоднай вады з мясцовых артэзіянскіх свідравін. На жаль, адзначыў Пётр Генрыхавіч, вырашыць станоўча дадзеную праблему пакуль таксама немагчыма, паколькі для гэтага неабходна будаваць станцыі абезжалезвання, на што патрабуюцца велізарныя грашовыя сродкі, якіх няма.

 Вялася гаворка ў час сустрэч і аб паляпшэнні жыллёва-камунальнага абслугоўвання сельскага насельніцтва, заездзе маршрутнага аўтобуса, які ідзе з Матырына ў Лепель, у мікрараён раённай бальніцы, хутчэйшым зносе збуцвелых, безгаспадарчых жылых дамоў у асобных вёсках раёна, правядзенні далейшых работ па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і некаторых іншых тэмах, якія турбуюць людзей. Усе іх даручана ўважліва вывучыць адпаведным раённым службам і, па-магчымасці, вырашыць.

 Сустрэчы старшыні райвыканкама Пятра Шыкшняна з вяскоўцамі засведчылі, што ўсе праблемы з цягам часу могуць стаць вырашальнымі, калі будзем лепш і больш якасна працаваць, дасягаць больш высокіх тэмпаў росту вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ