Лепшыя аратыя

15 ноября 2011

Лепшыя аратыя

На VIII абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых механізатараў, які праходзіў ў Аршанскім раёне на базе Высокскага прафесійнага сельгасліцэя гонар Лепельшчыны абаранялі трактарысты Раман Ладзік і Дзмітрый Памалейка.

 Раман пасля вучобы ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы прыйшоў працаваць у ААТ “Ладасна”. Даверылі магутны МТЗ-3022. Маладога механізатара заўважылі і ў першы ж год працы вылучылі на прадстаўнічы конкурс.

 Дзмітрый – больш вопытны трактарыст, за рулём МТЗ-1221 ужо працуе больш шасці гадоў. У 2002 годзе закончыў Лепельскі дзяржпрафліцэй, а зараз працуе па спецыяльнасці ў трактарнай брыгадзе льнозавода.
 У Высокім сабраліся прадстаўнікі 21 раёна Віцебскай вобласці – лепшыя з лепшых маладых механізатараў.

 Веданне тэорыі сельгасвытворчасці, механізатарскай справы стала асновай першага конкурснага задання, якое ўяўляла сабою тэст са ста пытанняў. Дзве гадзіны трактарысты, якія больш прывычныя сядзець за рулём і рычагамі ў трактарных кабінах, сядзелі ў класе за пісьмовымі сталамі і працавамі ручкамі. А найперш – уласнымі ведамі. За пытаннямі па чарчэнні ішлі пытанні па матэрыялазнаўству, агранаміі, ахове працы, правілах дарожнага руху і іншых дысцыплінах.

 У тэарэтычным заданні механізатар з “Ладасна” заваяваў другое месца ў індывідуальным заліку. Як сказаў пасля Раман, ён зусім нядаўна закончыў вучобу, таму большасць тэарэтычных ведаў былі яшчэ свежымі ў яго памяці.

 Вечарам для гасцей быў дадзены канцэрт сіламі мясцовай мастацкай самадзейнасці.

 На наступны дзень былі прызначаны практычныя заданні па агрэгатаванні і рэгуліроўцы трактара і плугоў, ворыве вызначанага ўчастка. У гэтых конкурсах больш важным быў працоўны вопыт, практычныя ўменні, адшліфаваныя гадамі работы.

 І яшчэ адзін немалаважны плюс – свае трактары. Па вопыту ранейшых конкурсаў арганізатары і ўдзельнікі ведалі, наколькі важны гэты нюанс. Адна справа, калі табе выдзелілі хай сабе і новую, наладжаную і адрэгуляваную тэхніку. І зусім іншая справа – выступаць на сваёй, дзе ўсе рычагі, вінты, гідраўліка, педалі адрэгуляваны пад цябе. На сваіх трактарах механізатары працуюць месяцамі, гадамі, за гэты час вывучылі тэхніку ў самых складаных сітуацыях. Дзмітрый у агрэгатаванні заняў другое месца, Раман прыпыніўся ў першай пяцёрцы.
 У час ворыва надвор’е сапсавалася, пайшоў дождж з мокрым снегам. Нашым механізатарам дасталіся ўчасткі з вымачкамі, трактары прабуксоўвалі, збіваючы баразну. У Дзмітрыя нават намеціўся навялікі клін, але трактарыст за наступныя праходы намагаўся выправіць сітуацыю. Словам, і ў ворыве лепяльчане хаця і не занялі прызавыя месцы, аднак былі ў ліку лепшых. Гэта, а таксама неблагі задзел на папярэдніх конкурсных заданнях забяспечылі нашым канкурсантам другое агульнакаманднае месца. Дзмітрыю і Раману былі ўручаны электрапрасы, DVD-прайгравальнікі ад аддзела па справах моладзі аблвыканкама.
 Акрамя гэтага, рашэннем абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса двое трактарыстаў былі адзначаны асабліва -- прадстаўнік Шаркаўшчынскага раёна Ліпскі і прадстаўнік Лепельскага – Дзмітрый Памалейка. Механізатарам падарылі па шрубавёрту.

Васіль МАТЫРКА