Лячэбная педагогіка

31 мая 2013

Лячэбная педагогіка

Відавочную спецыфіку мае выхаваўчы працэс у дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”. Звязана гэта з часовым знаходжаннем дзяцей у гэтай установе. Хочацца, каб па часе аздараўлення яны не адчулі дыскамфорту ад перамены месца, ад новых рэалій і нязвыклага раскладу жыцця. Таму ў “Жамчужыне” працуюць па канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі. Кожная змена тут мае сваю тэматычную накіраванасць.

 Апошняя змена, зразумела, была прысвечана ваенна-патрыятычнаму накірунку і называлася “Па планеце крочыць пераможны май”. Дзеці сярэдняга школьнага звяна змагаліся ў спартыўна-турыстычных спаборніцтвах – пераадольвалі паласу перашкодаў, асвойвалі элементарныя веды, неабходныя турысту і г.д. Для старшакласнікаў правялі ваенна-спартыўную гульню “Зарніца”. Адбыліся таксама конкурс патрыятычнай песні “Дню Перамогі – слава!” Па добрай традыцыі ў гэты час штогод праводзіцца сустрэча з ваеннаслужачымі вайсковай часці №23313, якой камандуе Сяргей Коктыш. Выхаванцы з “Жамчужыны” разам з вайскоўцамі арганізавалі спартыўна-забаўляльныя спаборніцтвы “А-ну, хлопцы!” праведзена сумесная “Адкрытаяю трыбуна”. Дзеці выслухалі выступленне камандзіра часці, для іх была арганізавана экскурсія па часці – паказалі вайсковую тэхніку, пазнаёмілі з умовамі жыцця і быту ваеннаслужачых. Брэйн-рынг “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, моладзевая праграма “Факел надзеі”, ускладанне вянкоў і ўпарадкаванне помніка ў вёсцы Суша, над якім шэфствуе “Жамчужына” – усё гэта звенні аднаго “ланцужка” – патрыятычнай змены з нагоды Дня Перамогі.

 Працуюць у “Жамчужыне” і па іншых накірунках. Дзецям прапануюцца экскурсіі па шэрагу маршрутаў – у Полацк, з наведваннем архітэктурных святыняў і знакамітых гістарычных мясцін горала, у Віцебск – з той мэтай, што гэты горад, дзе шмат гадоў праходзіць “Славянскі базар”, з’яўляецца своеасаблівай культурнай сталіцай краіны, у Мінск і Хатынь, ва Ушачы і да мемарыяльнага комплекса “Прарыў”, наведванне ўшацкага музея баявой славы. І, нарэшце, – экскурсіі па Лепельшчыне – у Бярэзінскі біясферны запаведнік, у раённы краязнаўчы музей. Дарэчы, у якасці заахвочвання рэабілітацыйны цэнтр ладзіць бясплатную экскурсію для дзіцячага актыву па знакамітых мясцінах нашага горада.

Да экалагічнага тыдня актыўна падключылася бібліятэка. Зместам яго сталі пазнавальная праграма “Зямля – наш агульны дом”, гульня “Гарады і сталіцы свету” і іншыя мерапрыемствы.

 З цікавасцю сустрэлі гасцей з тэатра-студыі “Сюрпрыз” дзіцячай школы мастацтваў. Уважліва глядзелі дзеці спектакль “Замарашка” – пра малалетніх вязняў турмы, пра іх узаемаадносіны. Спектакль, напоўнены глыбокім псіхалагізмам, прымусіў многіх задумацца над жыццём.

 У “Жамчужыне” мараць спалучыць хуткую дыягностыку і так званую выхаваўчую тэрапію, стварыць эфектыўны эмацыянальна-псіхалагічны фон, які, тут спадзяюцца, пасадзейнічае больш дзейснай рэабілітацыі дзяцей. Тры-чатыры гадзіны штодня прапануюць дзецям на выбар спалучэнне медыцынскіх працэдур з заняткамі спортам, псіхалагічнымі трэнінгамі, культурна-забаўляльнымі гульнямі і г.д.

 Уладзімір МІХНО.