Лясныя навіны: Заазерскае доследна-вытворчае лясніцтва

8 августа 2013

Лясныя навіны: Заазерскае доследна-вытворчае лясніцтва

Угоддзі лясніцтва размешчаны на тэрыторыі Пышнянскага, Стайскага, Каменскага і часткова Лепельскага сельскіх саветаў агульнай плошчаю 9,5 тысяч гектараў. З іх плошча, пакрытая лесам, складае 8,6 тысяч гектараў.

Угоддзі лясніцтва размешчаны на тэрыторыі Пышнянскага, Стайскага, Каменскага і часткова Лепельскага сельскіх саветаў агульнай плошчаю 9,5 тысяч гектараў. З іх плошча, пакрытая лесам, складае 8,6 тысяч гектараў. Новы будынак лясніцтва з дзевяностых гадоў знаходзіцца на ўскраіне Лепеля. Працуе калектыў з 38 чалавек, з іх 16 вальшчыкаў лесу і 12 леснікоў.

Задзейнічана тэхніка

На розных работах у лясніцтве задзейнічаны трактары МТЗ-82, МПТ-461,1, пагрузчык “Амкадор”, аўтамабілі ГАЗ-66 для перавозкі людзей і УАЗ-3909, а таксама сем матацыклаў “Мінскі”, больш дзясятка электрапілаў, восем кустарэзаў-секароў для правядзення асвятлення лесу.

І прарэджванне і нарыхтоўка

З пачатку года лясніцтва займаецца адводамі дзялянак пад галоўнае карыстанне – так званыя суцэльныя высечкі. Адведзена дзялянак на 38 гектарах. План на наступны год – 27 гектараў. Нарыхтавана восем тысяч кубаметраў драўніны. Праводзіцца таксама прарэджванне лесу пад высечкі догляду і так званыя прахадныя высечкі, ачыстка лесу. З пачатку года ачысцілі 19 гектараў лесу, пад час гэтага нарыхтавана 580 м3 драўніны. Санітарныя высечкі праведзены на плошчы 15 гектараў, пры гэтым атрымана 350 м3 драўніны.

Пасадка і догляд маладняку

Сёлета пасадзілі адзін гектар лесу ў заазерскім краі. Догляд за маладым лесам правялі на дваццаці гектарах, асвятленне – на васемнаццаці, прачыстку – на чатырох гектарах лесу.

Нарыхтоўка драўніны

На высечках догляду з пачатку года нарыхтавана каля 5 тысяч м3 драўніны пры гадавым плане каля 10 тысяч. На высечках галоўнага карыстання сіламі брыгады лясгаса і пры выкарыстанні лесавальнай машыны “Харвестар” нарыхтавана каля 4 тысяч м3 драўніны.

Забеспячэнне дрывамі

Лясніцтва рэалізуе дровы насельніцтву, якому з пачатку года прададзена ўжо каля 2000 м3 дроў, а таксама некаторым арганізацыям.  ЖКГ “Лепель” прадалі каля васьмісот кубаметраў, 150 м3 рэалізавалі ў Заазер’е і 180 м3 – у Чарэйшчыну.

Дапаўненне, даследаванне, мадэрнізацыя

Дапоўнены ляснымі культурамі – як правіла, сасной і елкаю – лес на плошчы 25 гектараў. У лясніцтве ёсць свой гадавальнік, у якім вырашчаны 264 мільёны штук пасадачнага матэрыялу – сасны, елкі, бярозы. Пасадачны матэрыял рэалізуюць па Беларусі і ў Расію. На базе лясніцтва пасаджаны каля пяці гектараў лісцёўніцы, якую даглядаюць і даследуюць. Лясніцтва асвойвае новыя тэхналогіі правядзення высечкі, пад час якіх пры ачыстцы загадзя абсякаецца каля адной траціны кроны дрэва ў спадзеве на павышэнне якасці драўніны. Праўда, вынікі эксперыменту будуць вядомы не хутка, бо дрэву, як ведаем, расці гадоў восемдзесят.

На выпадак пажару

На выпадак пажару ў лясніцтве арганізаванае штодзённае дзяжурства брыгады – пасля працоўнага дня і да дваццаці гадзін вечара па буднях і з дзесяці раніцы да дваццаці вечара па выхадных. Брыгада аснашчана аўтамабілем, трактарам з плугам ПКЛ-70. Дзяжураць два леснікі і майстар.

Міні-дэндрапарк

Своеасаблівы міні-дэндрапарк адкрыты на дворыку, ля будынка лясніцтва. Тут пасаджаны сямнаццаць відаў дрэў і кустоўя. Значна большы, на восем гектараў, дэндрапарк размешчаны ў раёне былога цагельнага завода, яго ўпрыгожваюць альтанкі, копанка, мосцікі. А дрэўцаў і кустоўя там і не злічыць! Штораз работнікі лясніцтва даглядаюць свае дэндрапаркі, абкошваюць іх тэрыторыю.

Віктар ЛЯШЧЫНА.