Масавая сядзібная забудова

12 марта 2011

Масавая сядзібная забудова

Як ні шчыруюць будаўнікі, аднак угнацца за попытам на кватэры не могуць. Таму дзяржава ўсяляк заахвочвае насельніцтва да індывідуальнага будаўніцтва.

 Землеўпарадкавальная служба вядзе ўлік свабодных зямельных участкаў. Зараз іх у горадзе налічваецца 25 плошчай 15 і адзін -- 12 сотак. Дзесяць надзелаў знаходзяцца па вуліцы Кляшторнага, шэсць -- Коцарава, пяць -- Пржавальскага, два -- Мінскай, па аднаму -- Якуба Коласа, Караленкі і завулку Паўднёвы.

 У сельскіх населеных пунктах зямельныя надзелы большыя -- ад 15 да 25 сотак. У Баброўскім сельсавеце свабоднымі лічацца тры ўчасткі ў Баброве і адзін у Завадзіне; у Горскім -- два ў Будзішчы; Стайскім -- восем у Юркоўшчыне, пяць у Заазер’і, па чатыры ў Падлобных, Селішчы і Ворані, два ў Дзяньгубах, адзін у Окане; Каменскім -- восем у Камні, два ў Мягелях, па адным у Двор-Бабчы, Курмялёўцы, Парэччы, Губіне, Двор-Парэччы; Валосавіцкім -- па адным у Новых Валосавічах і Каміншчыне; Пышнянскім -- па адным у Крыўцах і Пунішчы; Слабадскім -- два ў Рудні, па адным у Слабадзе і Верабках.

 Найбольшым попытам у сельскай мясцовасці карыстаюцца ўчасткі ў населеных пунктах, размешчаных паблізу азёраў. Гэта вёскі Бор і Паземшчына Каменскага, Дворышча і Завідзічы Лепельскага, Окана, Селішча і Ворань Стайскага сельсаветаў. Такія зямельныя надзелы прадаюцца на аўкцыёнах. Так, у 2009 годзе было прададзена 28, сёлета -- 25 участкаў на агульную суму адпаведна 105 і 94 мільёны рублёў. Выручаныя грошы ідуць на развіццё інфраструктуры, сацыяльнай сферы сельскіх населеных пунктаў, падрыхтоўку новых зямельных кадастраў на ўчасткі пад забудову.

 Кожны вясковец, які мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у сваім сельсавеце мае права атрымаць пад забудову любы свабодны зямельны ўчастак, нават падрыхтаваны да аўкцыёну, бясплатна.

 Месцамі масавай індывідуальнай забудовы ў Лепелі лічацца мікрараёны Поўдзень-1 (паміж Аршанскай шашой і аўтадарогай Мінск -- Віцебск) і Савецкая -- Чуйкова (у раёне аўтазапраўкі). Раней забудоўшчык афармляў дакументацыю на ўчастак і сам падводзіў да яго электрычнасць, насыпаў пад’езд і г.д. 27 ліпеня 2009 года выйшла Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №983, у якой распрацаваны палажэнні парадку фінансавання, праектавання, будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы, у тым ліку сядзібнай. Цяпер, перш чым размяркоўваць участкі ў месцах масавай сядзібнай забудовы, пракладваюцца камунікацыі -- электралініі, дарогі, газаправоды, сістэма водазабеспячэння.

 Першыя забудоўшчыкі мікрараёна Поўдзень-1 у бездараж пакідалі легкавікі на Аршанскай шашы і ў гумовых ботах мясілі гразь да сваіх новабудоўляў. Пасля выхаду Пастановы становішча карэнным чынам змянілася. Перш, чым раздаваць участкі, ствараецца інфраструктура. У 2009 годзе на яе аб’екты ў мікрараёнах масавай прыватнай забудовы Поўдзень-1 і Савецкая -- Чуйкова асвоена 1199550, летась -- 1695975 мільёнаў рублёў.

 22 лютага 2011 года выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №65 “Аб некаторых пытаннях фінансавання будаўнічых аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы і аб’ектаў інфраструктуры атамнай электранстанцыі ў Рэспубліцы Беларусь”, у якім прадугледжваецца павелічэнне аб’ёмаў фінансавання ўзвядзення аб’ектаў інфраструктуры ў раёнах масавай сядзібнай забудовы. Канчатковыя сумы пакуль не зацверджаны, аднак ужо вядома, што яны будуць перавышаць ранейшыя ў некалькі разоў.

Уладзімір ШУШКЕВІЧ